Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны свайму бацьку ў Брагінскі раён

У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Ярмоленкі Уладзіміра Аляксандравіча свайму бацьку Ярмоленку Аляксандру Сцяпанавічу ад 26 лістапада 1943 года (Ф.186.Воп.3.Спр.92.Арк.469-469адв) ў вёску Ясяні Брагінскага раёна. Пісьмо змястоўвае наступныя радкі:

«Добры дзень, дарагія бацькі, татуля, матуля. Прывітанне вам ад вашага сына Валодзі. Доўгі час не бачыў і нічога не слыхаў аб вашым становішчы, дзе вы і што з вамі. За гэты час прайшоў я шмат баёў, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, і ўвесь гэты час ніводнай хвіліны не забываўся аб вас аба ўсіх. Шматразова прыходзілася бачыцца з немцамі, біць іх, і шматразова быў у вялікай небяспецы, але да сённяшняга дня заставаўся жывы. Праўда, меў кантузію, але гэта ўсё паправілася, за выключэннем маленькай часцінкі.

Дагэтуль я захоўваю вашу паштоўку, татуля, якую вы пісалі 7 жніўня 1941 года. Гэта была апошняя паштоўка, якую я атрымаў ад вас. Пасля гэтага в. Ясяні была акупіравана немцамі. Як самы каштоўны дакумент я захоўваў гэту паштоўку да цяперашняга часу. Сотні раз я яе перачытваў і ад гэтага з большай злосцю ішоў у бой на ворага, паўтараю, заўсёды чытаў і перад боем. Вось і зараз я яе прачытаў і напісаў вам пісьмо».

На сайце «Памяць народа» зазначана, што Уладзімір Ярмоленка нарадзіўся ў 1919 або 1920 годзе ў вёсцы Ясяні. Прызваны ў Чырвоную армію ў кастрычніку 1940 года. На Вялікай Айчыннай вайне ваяваў у танкавых войсках. 11 жніўня 1943 года ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. 5 студзеня 1944 года гвардыі сяржант Ярмоленка прапаў без вестак у раёне вёскі Бараўляны Віцебскага раёна Віцебскай вобласці.

 

1-2. ЗДАРэч. Ф. 186. Воп. 3. Спр. 92. Арк. 469-469адв