У Полацку падвялі вынікі патрыятычнага праекта «Жаночы подзвіг: імёны на карце»

19 чэрвеня 2026 года ў Занальным дзяржаўным архіве ў г.Полацку адбылося падагульняючае мерапрыемства патрыятычнага праекта «Жаночы подзвіг: імёны на карце». Праект быў рэалізаваны ў рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», прымеркаваны Году беларускай жанчыны і прысвечаны подзвігу жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Галоўная мэта праекта – прыцягнуць моладзь да патрыятычнага руху, захаваць памяць аб гераічных старонках гісторыі і расказаць пра жанчын, чые лёсы і подзвігі сталі прыкладам мужнасці, стойкасці і любові да роднай зямлі.

Праект наглядна паказаў, якую вялікую ролю адыгралі жанчыны ў гады вайны, а таксама як памяць аб іх захоўваецца ў гарадской прасторы. Удзельнікі падрыхтавалі відэаролікі, у якіх паказалі вуліцы Полацка і расказалі пра подзвігі жанчын, чые імёны яны носяць.

У Полацку 7 вуліц названы ў гонар жанчын, звязаных з гераічнай гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Шэсць з іх носяць імёны жанчын — Герояў Савецкага Саюза: Таццяны Марыненка, Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, Лізы Чайкінай, Любы Шаўцовай, Зоі Касмадзям’янскай і Зіны Партновай. Яшчэ адна вуліца названа ў гонар падпольшчыцы, сувязной партызанскай брыгады «Няўлоўныя» Ліліі Касцецкай.

У праекце прынялі ўдзел навучэнцы: Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, Полацкага кадэцкага вучылішча, сярэдняй школы № 6 г.Полацка, базавай школы № 3 г.Полацка, базавай школы № 9 імя А.С.Пушкіна г.Полацка, базавай школы № 11 імя С.П.Кулакова г.Полацка, Зелянкоўскай базавай школы імя Т.С Марыненка Полацкага раёна.

Навучэнцы Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі архіўных акцый «Архівы – школе» і «Юны архівіст». На працягу года яны займаліся даследчай дзейнасцю, і на мерапрыемстве прадставілі вынікі сваіх работ: «Аперацыя «Зорачка» – двойчы народжаныя» (Анохін Ягор і Хуткіх Маргарыта), «Жаночы лёс на фоне гісторыі» (Скуратава Крысціна).

Падобныя ініцыятывы дапамагаюць маладому пакаленню не толькі даведвацца пра гісторыю сваёй краіны, але і адчуваць асабістае дачыненне да захавання гістарычнай памяці.

На фота: Выніковае мерапрыемства патрыятычнага праекта «Жаночы подзвіг: імёны на карце».