Кніжна-дакументальная выстаўка «Асноўны закон дзяржавы» адчынiлась ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

12 сакавіка 2026 года ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адкрылася кніжна-дакументальная выстаўка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь «Асноўны закон дзяржавы», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 100 дакументаў, якія адлюстроўваюць храналогію падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі нашай дзяржавы, унясенне змяненняў і дапаўненняў у яе.

У мерапрыемстве прыняў удзел Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.П.Сергіенка.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – гэта Асноўны Закон дзяржавы, які мае слаўнае мінулае і вялікую будучыню. Ён сімвалізуе моц і незалежнасць нашай краіны.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў на выстаўцы копіі архіўных дакументаў: Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»; праекты Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 1993 і 1994 гг., пратаколы пасяджэння рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР; пратаколы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, і іншыя дакументы.

Матэрыялы з фонду Нацыянальнай бібліятэкі – гэта арыгінальныя друкаваныя экзэмпляры Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь розных гадоў; навуковыя каментарыі да іх; энцыклапедычныя і даведачныя выданні па канстытуцыйным праве, па пытаннях правапрымянення Асноўнага Закона дзяржавы, яе ролі і месцы ў сістэме дзяржаўнага ладу краіны; актуальныя публікацыі ў перыядычным друку; кнігі, прысвечаныя дзяржаўнай сiмволiцы Беларусi.

Таксама на выставе прадстаўлены ілюстрацыйны матэрыял: копіі плакатаў савецкага часу; фатаграфіі падпісання Канстытуцыі Прэзідэнтам па выніках праведзеных рэспубліканскіх рэферэндумаў 1996 і 2022 гг., пасяджэнняў Канстытуцыйнай камісіі.

У наведвальнікаў будзе магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй стварэння Канстытуцыі, даведацца аб правах і абавязках грамадзян, успомніць гісторыю паходжання сімвалаў Рэспублікі Беларусь – сцяга, герба і гімна. Моладзь зможа ўзгадаць і актуалізаваць, што такое права, якімі грамадзянскімі і палітычнымі правамі яны валодаюць, якую адказнасць нясуць.

 

1. Афiша выставы
2. Кніжна-дакументальная выстава ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
3. Адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы
4. Кніжна-дакументальная выстава ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
5. На адкрыцці кніжна-дакументальнай выставы
6. Наведвальнікі знаёмяцца з выставай