«Песняры: малітва галасоў і сэрцаў». Работнікі БДАМЛМ на юбілейным вечары памяці Уладзіміра Мулявіна

21 студзеня 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прынялі ўдзел у юбілейным вечары, прысвечаным 85-годдзю з дня нараджэння выдатнага музыканта, кампазітара і аранжыроўшчыка, народнага артыста Беларусі Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна (1941-2003).

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ключавой падзеяй вечара стала прэзентацыя абноўленага асветніцкага віртуальнага праекта «Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў». Рэсурс, створаны годам раней да 55-годдзя легендарнага ансамбля, быў значна актуалізаваны і дапоўнены новымі ўнікальнымі матэрыяламі.

Сёння праект уключае ў сябе падрабязную інфармацыю пра гісторыю ансамбля з магчымасцю частковага праслухоўвання аўдыёзапісаў, матэрыялы аб сцэнічных касцюмах артыстаў, спісы крыніц аб ансамблі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі ў колькасці больш за 600 запісаў, поўныя тэксты артыкулаў сучасных даследчыкаў творчасці групы, «віртуальную энцыклапедыю» па ўвекавечанні памяці Уладзіміра Мулявіна і г. д.

Асаблівая ўвага на прэзентацыі была нададзена рабоце па ўдасканаленні рэсурсу. БДАМЛМ выступае адным з партнёраў праекта. Разам з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, музеем У.Г. Мулявіна пры Белдзяржфілармоніі і Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, наш архіў-музей актыўна пасадзейнічаў напаўненню партала рэдкімі дакументамі, частка з якіх была прадстаўлена шырокай публіцы ўпершыню.

Юбілейны вечар выклікаў вялікую грамадскую цікавасць: зала Нацыянальнай бібліятэкі не змагла змясціць усіх жадаючых, сярод якіх былі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, моладзь, калегі і прыхільнікі таленту вядомага «песняра». Вялікая колькасць наведвальнікаў яшчэ раз падкрэсліла статус Уладзіміра Мулявіна як сапраўды народнага артыста, чыя спадчына застаецца актуальнай і праз дзесяцігоддзі.

Падводзячы вынік сустрэчы, удзельнікі адзначылі, што падобныя міжархіўныя і міжмузейныя праекты з’яўляюцца важным інструментам захавання культурнага кода нацыі.

 

1. Работнікі БДАМЛМ на юбілейным вечары памяці Уладзіміра Мулявіна
2. Выступленне галоўнага бібліёграфа Юліі Амосавай
3. Выступ музыказнаўцы Вольгі Брылон
4. Падчас мерапрыемства ў Нацыянальнай бібліятэцы