Аб удзеле юнай гомельчанкі ў Дзіцячых партызанскіх чытаннях, прысвечаных 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

11 снежня 2025 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася рэспубліканская канферэнцыя «Партызанскі архіў. II Дзіцячыя партызанскія чытанні», прысвечаная 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У канферэнцыі прыняла ўдзел навучэнка ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» Марыя Белка, якая займаецца ў гуртку «Юны архівіст» у дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці. У сваёй працы «Умовы разгортвання партызанскага руху ў Добрушскім раёне ў 1941-1942 гг.» Марыя выкарыстала матэрыялы з дакументаў абласнога архіва. Цешыць, што праца навучэнкі была адзначана як адна з нямногіх, у якой былі выкарыстаны архіўныя першакрыніцы – дакументы аб партызанскім руху.

Значэнне працы архіваў у выхаванні пачуцця патрыятызму ў падрастаючага пакалення цяжка пераацаніць. Урокі ў межах акцыі «Архівы – школе» і заняткі ў гуртку «Юны архівіст» дазваляюць школьнікам рэалізаваць творчыя праекты, а таксама выхоўваюць пачуццё патрыятызму і любові да роднага краю.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Святаслаў Кулінок распавёў пра ідэю форуму, мэты, на якія ён накіраваны:

— Ідэя правядзення Дзіцячых партызанскіх чытанняў узнікла ў нас летась. У год 80-годдзя вызвалення Беларусі мы захацелі зрабіць мерапрыемства, якое б дазволіла павысіць цікавасць да нашай гераічнай гісторыі ў маладога пакалення. Вырашылі, што архіў – менавіта тая пляцоўка, дзе дзеці змогуць рэалізаваць свае даследчыя праекты.

На фота: (злева – направа) Настаўнік гісторыі ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» А.Ермоленка, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва РБ С.Кулінок і ўдзельніца М.Белка