«Музыкай і песняй праславіў Беларусь» – да 100-годдзя з дня нараджэння Юрыя Уладзіміравіча Семянякі, кампазітара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, народнага артыста БССР

 

26 лістапада 2025 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Юрыя Уладзіміравіча Семянякі, кампазітара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, народнага артыста БССР.

Ю.У. Семяняка быў вядомы найперш як паэт-песеннік. Пераважна ён пісаў музыку на вершы беларускіх паэтаў Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Алеся Бачыла, Адама Русака, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Карызны, Эдзі Агняцвет. Папулярнасцю карысталіся многія лірычныя і патрыятычныя песні Ю.У. Семяняка («Ой, шумят леса зеленые», «Застольная», «Помнишь, милый мой, денёчки», дуэт «Явор и калина», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Якая ты цудоўная, Радзіма», «Я сэрцам з табой», «Беларусь — мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Расцвітай, Беларусь»).

На YouTube-канале БДАКФФД з нагоды са дня нараджэння Юрыя Уладзіміравіча Семянякі размешчаны промаролік да выставы «Музыкай і песняй праславіў Беларусь».

Сёння ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў захоўваецца каля 25 адзінак уліку фотадакументаў з 1952 па 1985 гг., больш за 10 адзінак уліку кінадакументаў з 1952 па 1985 гг., каля 30 адзінак уліку фонадакументаў звязаных з творчасцю Ю.У. Семяняка.

Фотадакументы прадстаўлены партрэтнымі здымкамі Ю.У.Семяняка. Апроч гэтага, фота- і кінадакументы (сюжэты кіначасопісаў «Савецкая Бларусь», «Навіны дня», «Мастацтва Беларусі») захавалі кампазітара падчас працы над музычнымі творамі і абмеркавання новых творчых ідэй з калегамі, сустрэч з тэатральнымі і самадзейнымі артыстамі, а таксама гледачамі.

У фанатэцы архіва прадстаўлены запісы апавяданняў і ўспамінаў Ю.У.Семяняка пра сваю творчасць і працу над рознымі творамі.

За гады сваёй творчасці Ю.У.Семяняка напісаў больш за 300 песень, 5 аперэтаў, 4 оперы, музыку да шматлікіх кінафільмаў. Ён працаваў у вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным і песенным жанрах. З яго твораў фармаваліся рэпертуары ВІА «Песняры», «Лявоны», «Верасы».

Памёр Юрый Уладзіміравіч Семяняка 16 ліпеня 1990 г. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

 

1. 0-128113 Выступленне канцэртмайстра Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР, кампазітара Ю.У. Семяняка на нарадзе беларускіх самадзейных кампазітараў
Красавік 1952 г., г.Мінск, ЦДАКФФД БССР
2. 0-118375 Беларускія кампазітары І.І.Кузняцоў, С.С.Аксакаў, П.П. Падкавыраў, А.В.Багатыроў (3-ці справа) і народны артыст СССР, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР Г.Р.Шырма за праслухоўваннем новай песні Ю.У.Семянякі «Зiмовы лес»
1955 г., г.Мінск, ЦДАКФ
3. 0-083681 Беларускі кампазітар Ю.В.Семяняка за працай
1958 г., г.Мінск, Калекцыянер І.Салавейчык
4. 0-065900 Аўтары беларускай оперы «Калючая ружа»: паэт А.М. Бачыла (Алесь Бачыла) і кампазітар Ю.У. Семяняка за працай над творам
24 лютага 1961 г., г.Мінск, Фотахроніка БелТА, Н.Южык
5. 1-010533 Беларускі кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Ю.У.Семяняка
1968 г., г.Мінск, Калекцыянер І.Берлін
6. 0-092687 Беларускі кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Ю.У. Семяняка кансультуе ўдзельнікаў семінара самадзейных кампазітараў Гомельшчыны ў абласным Доме народнай творчасці
20 лютага 1969 г., г.Гомель, Фотатэка рэдакцыі газеты «Гом.
7. 0-089390 Беларускі кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, кавалер ордэна «Знак Пашаны» Ю.У. Семяняка сярод артыстаў Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР пасля прэм’еры камедыі «Жаваранак»
18 студзеня 1971 г., г.Мінск, Фотахроніка БелТА, І.Змітровіч
8. 0-117627 Беларускі кампазітар, народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Ю.У. Семяняка падчас гутаркі з артысткамі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР В.С.Пятліцкай і В.М.Мазур пасля прэм’еры аперэты «Тыдзень вечнага кахання»
8 студзеня 1976 г., г.Мінск, Фотахроніка БелТА, Ч.Мезін
9. 1-009514 Беларускія кампазітары Ю.У.Семяняка (злева), В.К.Іваноў (у цэнтры) і Л.К.Шлег (справа)
Чэрвень 1980 г., г.Мінск, Фотатэка БелАКС, В.Крук