Дакументы ваенных гадоў з фондаў Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы аб аднаўленні Рэчыцкага метызнага завода

У выніку акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1943 гадах Рэчыца была разбурана. Пацярпелі і прамысловыя прадпрыемствы, у ліку якіх – цвіковы завод «Інтэрнацыянал» (у цяперашні час – ААТ «Рэчыцкі метызны завод»). Пасля вызвалення Рэчыцы ад гітлераўцаў у лістападзе 1943 года аднаўленне завода працягвалася сем гадоў і было вельмі працаёмкім з прычыны разбураных будынкаў і фізічнага зносу тэхнікі. Многія работы ажыццяўляліся ўручную. Катастрафічна не хапала работнікаў, што таксама замаруджвала аднаўленне прадпрыемства і выпуск прадукцыі.

Аб гэтым перыядзе з жыцця Рэчыцкага метызнага завода сведчыць рашэнне №116 Рэчыцкага гарвыканкама ад 7 чэрвеня 1944 года «Аб выкананні пастановы СНК БССР ад 9 мая 1944 г.аб аднаўленні цвіковага завода «Інтэрнацыянал» (Ф. 342. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 91), якое змястоўвае наступныя радкі:

«Завод поўнасцю не атрымаў неабходнага абсталявання для аднаўлення завода: цвіковых станкоў-аўтаматаў, энергетычнага абсталявання, холадна-высадкавых прэсаў, а атрыманнае абсталяванне знаходзіцца ў безгаспадарчым стане, валяецца на двары, і за мантаж апошняга не ўзяліся.

Завод не забяспечаны мясцовымі будаўнічымі матэрыяламі. З боку дырэкцыі завода не праяўляецца энергічных мер у своечасовым аднаўленні завода, завод да сяго часу поўнасцю не ўкамплектаваны рабочай сілай. Графік будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю цэхаў, устаноўлены СНК БССР, не выконваецца».

 

1. ЗДАРэч. Ф. 342. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 91
2. Цвіковы завод «Інтэрнацыянал». Канец 1940-х–1950-е гг.