Віртуальная выстава «ТЮГ — 70 гадоў падарожжа ў казку» на сайце БДАМЛМ

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) прадстаўляе віртуальную дакументальную выставу «ТЮГ — 70 гадоў падарожжа ў казку», прысвечаную юбілею Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача (далей — ТЮГ).

Выстава дазваляе зазірнуць за кулісы і пазнаёміцца з багатай гісторыяй гэтага ўнікальнага тэатра ад моманту яго станаўлення да сённяшняга дня. Наведвальнікі змогуць прасачыць творчы шлях ТЮГа, убачыць, як змяняліся пастаноўкі і акцёрскі склад. Тут прадстаўлены каштоўныя дакументы з фондаў ТЮГа, а таксама з асабістых фондаў галоўнага рэжысёра тэатра – Любові Мазалеўскай і кіраўніка тэатра ў 1955-1966 гг. Уладзіміра Стэльмаха.

Гэта распарадчыя дакументы па арганізацыі, перапіска з вышэйстаячымі органамі, афішы, тэатральныя праграмы, фатаграфіі сцэн са спектакляў розных гадоў.

Азнаёміцца з выставай «ТЮГ — 70 гадоў падарожжа ў казку» можна на сайце БДАМЛМ па спасылцы.