1 жніўня 2025 г. у Беларускім цэнтры цыфравізацыі архіўнай дзейнасці адбыўся ўрачысты сход калектыву, прысвечаны прыходу на працу ў Цэнтр маладых спецыялістаў, якія скончылі сёлета сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы
Дырэктар Цэнтра Д.В.Шаброў прадставіў калектыву маладых спецыялістаў, якія атрымалі размеркаванне на працу ў нашым Цэнтры. Усяго ў наш працоўны калектыў уліліся сем маладых спецыялістаў, прычым трое з іх ужо працавалі ў Цэнтры, яшчэ будучы студэнтамі старэйшых курсаў сваіх навучальных устаноў, для чацвярых наш Цэнтр стаў першым месцам працы па размеркаванні.
Дзяніс Валянцінавіч расказаў маладым спецыялістам аб новым месцы працы, аб асноўных напрамках работы Цэнтра, аб яго гісторыі і перспектывах. Таксама за маладымі спецыялістамі былі замацаваны настаўнікі – загадчыкі аддзелаў, у якіх ім трэба працаваць.
Па традыцыі, якая нараджаецца прама на нашых вачах і, спадзяемся, захаваецца надалей, маладым спецыялістам былі ўручаны памятныя віншавальныя адрасы ў гонар пачатку працоўнай дзейнасці ў якасці дыпламаваных спецыялістаў, фірмовыя нататнікі з лагатыпам Цэнтра, а таксама прафсаюзныя білеты – пуцёўкі ў працоўнае жыццё з усімі сацыяльнымі гарантыямі.
У добры шлях, калегі!
На здымку: Агульная фатаграфія з дырэктарам Цэнтра на памяць
![]() |
