Удзел БДАМЛМ у інтэрв’ю карэспандэнту Агенцтва «Мінск-Навіны»

10 чэрвеня 2025 года ў газеце «Мінскі кур’ер» (№43 (4028) было апублікавана інтэрв’ю дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Алены Аляксандраўны Макаранка, дадзенае карэспандэнту інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны» з нагоды знаменальнага юбілея ўстановы — 65-годдзя.

Падчас інтэрв’ю Алена Аляксандраўна падрабязна расказала пра асаблівасці фарміравання фондаў БДАМЛМ, падкрэсліла ўнікальнасць і разнастайнасць сабраных матэрыялаў.

На сённяшні дзень у архіве-музеі захоўваецца 533 фонды, з якіх пераважную большасць складаюць асабістыя фонды дзеячаў літаратуры, мастацтва і культуры. Падчас размовы з карэспандэнтам асаблівая ўвага была звернута на рэдкія дакументы і музейныя экспанаты, сярод якіх — сямейны фотаальбом сям’і Багдановічаў, запісная кніжка Карла Кастравіцкага – бацькі вядомага беларускага паэта, драматурга Каруся Каганца і іншыя каштоўныя прадметы, якія адлюстроўваюць багатую культурную спадчыну Беларусі.

Дырэктар архіва-музея таксама прадставіла дакументальную выставу «Я справай абраў сабе словы…», прысвечаную 100-годдзю Навума Зіноўевіча Кісліка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта, празаіка і перакладчыка.

Юбілей Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва – важная падзея для культурнай грамадскасці краіны. 65 гадоў работнікі БДАМЛМ надзейна служаць памяці, каб сабраць, захаваць, навукова апісаць, стварыць умовы для рознабаковага выкарыстання дакументальных помнікаў беларускай культуры.

 

1. А.А.Макаранка з карэспандэнтам Агенцтва «Мінск-Навіны»
2. Артыкул Ропат О. «Полочная дисциплина» у газеце «Мінскі кур’ер», 10 чэрвеня 2025 №43 (43 (4028)