Новае паступленне дакументаў з асабістага архіва Сушко Паўла Міхайлавіча і яго сына Сушко Пятра Паўлавіча ў БДАМЛМ
1 ліпеня 2024 года ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва паступілі дакументы з асабістага архіва паэта, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Паўла Міхайлавіча Сушко і паэта, перакладчыка Пятра Паўлавіча Сушко. Дакументы сваіх родзічаў (дзеда і бацькі) перадаў Сяргей Пятровіч Сушко.
У гады Вялікай Айчыннай вайны П.М. Сушко быў сувязным партызанскага атрада «Масква», затым — партызанам 4-й Беларускай партызанскай брыгады. Пасля вайны ўдзельнічаў у аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі.
Друкавацца П.М. Сушко пачаў у 1938 годзе ў газетах і часопісах Заходняй Беларусі. У газеце «Кліч партызан» — органе Міёрскага падпольнага райкома — у 1943 годзе публікаваў нататкі пад псеўданімам «Язэп Сяўня». На яго вершы «Сцяжынка» і «Ой, шла дзяўчына» кампазітары М.Пятрэнка і А.Палонскі напісалі музыку. «Марш беларускіх партызан» (словы П.М.Сушко) спявалі народныя мсціўцы.
Паэт і перакладчык П.П. Сушко — аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных вершаў, баек, мініяцюр, вершаваных фельетонаў, пародый і эпіграм. У 1966–1968 гг. ён працаваў загадчыкам аддзела Міёрскай раённай газеты «Сцяг працы», у 1968–1977 гг. – карэспандэнтам газет «Віцебскі рабочы», «На страже Октября», «Звязда», часопіса «Вожык» і інш. З 1989 г.— старшы рэдактар у выдавецтве «Полымя». З’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1984 г.
У архіў-музей паступілі біяграфічныя і творчыя дакументы П.М.Сушко і П.П.Сушко: пасведчанні аб узнагароджанні медалямі «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», ваенны білет (1940 г.), рукапісы зборнікаў вершаў «Акорды сэрца» і «Родныя напевы», перапіска, кнігі з дароўнымі надпісамі, сямейныя фатаграфіі і г.д. Гэтыя дакументы істотна папоўняць фонды БДАМЛД і стануць значнымі крыніцамі па гісторыі ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі і Вялікай Айчыннай вайны.
![]() |
1. С.П.Сушко і М.І.Пышынская падчас падпісання заявы і дагавора. |
![]() |
2. С.П.Сушко і М.І.Пышынская падчас падпісання заявы і дагавора. |