Сустрэча са студэнтамі БДУКМ у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

4 мая 2023 года Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ў межах рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», арганізаванай Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, наведалі студэнты 3 курса спецыяльнасці «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Вядучы навуковы супрацоўнік Віктар Жыбуль правёў экскурсію па выставе да Дня Перамогі «Насустрач сонцу», назву якой даў аднайменны зборнік Петруся Броўкі, што выйшаў у 1943 годзе. На выставе прадстаўлены кніжныя і перыядычныя выданні 1940-х гадоў, а таксама мастацкія працы Івана Ахрэмчыка, Валянціна Волкава і Сяргея Гарадзецкага, прысвечаныя вызваленню Мінска і Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.

Вядучы архівіст Наталля Пусцільнік-Марчук прачытала для студэнтаў лекцыю пра формы выкарыстання дакументаў асабістага паходжання ў практыцы работы архіва-музея, расказала пра працу даследчыкаў у чытальнай зале. Вядучы архівіст Наталля Мізон на прыкладзе выставы «Чалавек палымянага сэрца» (да 120-годдзя рэжысёра, педагога і актрысы Любові Мазалеўскай) расказала пра выкарыстанне ў выставачнай дзейнасці архіва-музея кніг з дароўнымі надпісамі.