Адкрыццё інтэрактыўнай выставы «Партызаны Беларусі» ў Нацыянальным статыстычным камітэце Рэспублікі Беларусь
У Нацыянальным статыстычным камітэце Рэспублікі Беларусь (Белстат) 20 красавіка 2023 г. адбылося адкрыццё інтэрактыўнай выставы «Партызаны Беларусі», арганізаванай аўтарамі аднайменнага інтэрнэт-праекта – Выдавецкім домам «Беларусь сёння» і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.
З прывітальным словам да прысутных на ўрачыстае адкрыццё выставы звярнуліся старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Ірына Віктараўна Мядзведзева, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Алена Аляксандраўна Стуканава, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сёння» Дзмітрый Аляксандравіч Жук.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Алена Стуканава ў сваім выступленні адзначыла, што нашы дзяды і прадзеды змаглі захаваць пасля сябе дакументальныя сведчанні тых часоў.
«Гэта неверагодна, бо ствараліся лісткі ўліку кадраў, характарыстыкі, узнагародныя лісты, іншыя дакументы часта ў суровых лясных умовах, у зямлянках, пры свечках. Дадайце сюды частыя фашысцкія карныя аперацыі, блакады. Але яны змаглі не толькі стварыць і захаваць, але і перадаць нам бясцэнныя дакументы, дзякуючы якім мы сёння маем факталагічную аснову, якая паказвае, што было на нашай зямлі шмат гадоў таму. Раней дакументы былі закрытымі, сёння ў Нацыянальны архіў можа прыйсці кожны і дакрануцца да неацэннага мінулага», – распавяла Алена Стуканава.
Некаторыя работнікі Белстата дзякуючы парталу partizany.by атрымалі цікавую інфармацыю пра сваіх сваякоў-партызанаў і распавялі пра гэта падчас прэзентацыі. Напрыклад, начальнік Галоўнага ўпраўлення каардынацыі і развіцця статыстычнай сістэмы Ала Біленка знайшла інфармацыю аб бабулі мужа, Баршчэўскай Ганне Мікалаеўне, якая разам з усёй сваёй сям’ёй была ў партызанскім атрадзе «Перамога» Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці.
«Ганна Мікалаеўна выконвала абавязкі па гаспадарчай частцы, дапамагала атраду ў зборцы выбуховых рэчываў. У наступным была пераведзена ў баявы ўзвод роты, дзе працягнула гераічна вызваляць родную зямлю ад захопнікаў. Трэцяе пакаленне нашай сям’і нясе памяць аб цяжкіх выпрабаваннях таго часу. Гісторыя павінна быць захавана. Мы не маем права забыцца, свет павінен памятаць», – падкрэсліла Ала Биленко.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і абследавання хатніх гаспадарак Іна Канашонак распавяла:
«Было вельмі нечакана і ў той жа час прыемна знайсці інфармацыю пра майго дзядулю па татавай лініі Аніскевіча Івана Іванавіча, – распавяла– ён быў проста шараговым партызанам. Я ўбачыла яго асабісты лісток па ўліку партызанскіх кадраў, даведалася дакладную інфармацыю аб тым, калі ён быў прызваны ў Чырвоную Армію, калі прыбыў у партызанскі атрад. У яго баявой характарыстыцы напісана «бязлітасна змагаўся супраць нямецкіх захопнікаў». Вельмі важна, што інфармацыя пра партызанскі рух стала даступная ўсім. І калі раней партызанскае жыццё майго дзядулі было толькі сямейнай гісторыяй, сямейнымі ўспамінамі, то цяпер, дзякуючы гэтаму ўнікальнаму праекту, яна стала часцінкай гісторыі нашай краіны», – адзначыла Іна Канашонак.
На выставе прадстаўлены дакументы, прысвечаныя партызанскаму і падпольнаму руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнага архіва і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Акрамя гэтага, асобны раздзел выставы прысвечаны матэрыялам аб гераічных продках з сямейных архіваў-гэта фатаграфіі, дакументы, якімі ў любога чалавека ёсць магчымасць дапоўніць прадстаўленую на партале інфармацыю.