Сустрэча з вучнямі школы № 121 г. Мінска ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь
6 сакавіка 2023 года ў рамках акцыі «Архівы-школе» ў Нацыянальным архіве адбылася сустрэча з навучэнцамі школы № 121 г.Мінска імя М.Ф.Ягорава.
У рамках сустрэчы для дзяцей была праведзена экскурсія па архіве. Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання Інэса Уладзіміраўна Дарагуш распавяла пра гісторыю Нацыянальнага архіва, пра склад і асаблівасці захоўвання дакументаў, працу архіва ў галіне публікацыйнай і выставачнай дзейнасці. Падчас экскурсіі навучэнцы азнаёміліся з фотадакументальнымі выставамі Нацыянальнага архіва, прысвечанымі Году міру і стварэння: «Мы, белорусы – мирныя люди…» і да 100 – годдзя з дня нараджэння Ягорава Марата Фёдаравіча – грамадскага дзеяча, старшыні Беларускага Фонду міру, прэзідэнта міжнароднай гуманітарнай няўрадавай арганізацыі «Чернобыль-помощь», заслужанага дзеяча культуры БССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.
У 2022 годзе школа № 121 г. Мінска атрымала статус «Школа мира» і ёй было прысвоена імя Марата Ягорава. Навучэнцы праявілі вялікую цікавасць да дакументаў фонду Марата Фёдаравіча. Яны распавялі, што займаюцца пошукам біяграфічных звестак пра яго і плануюць аформіць экспазіцыю, прысвечаную Ягораву М.Ф. У дапамогу да афармлення школьнай экспазіцыі супрацоўнікі аддзела фондаў асабістага паходжання падрыхтавалі і перадалі школе фотакопіі дакументаў з яго асабістага фонду.
Навучэнцы наведалі архівасховішча фондаў асабістага паходжання, дзе азнаёміліся з дакументамі дзяржаўных і партыйных дзеячаў, вучоных Беларусі і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама архівасховішча фондаў партызанскіх фарміраванняў.