Аб прэзентацыі зборніка дакументаў і матэрыялаў «Халакост на Беларусі: трагедыя і памяць»
16 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў і матэрыялаў «Халакост на Беларусі: трагедыя і памяць». Гэта выданне з’яўляецца вынікам сумеснай працы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД) і шэрагу абласных і занальных архіўных устаноў нашай рэспублікі. Выданне падрыхтавана пры фінансавай падтрымцы пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.
На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, вучоныя, гісторыкі, архівісты, краязнаўцы.
У прывітальным слове да прысутных Часовы павераны Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь спадар Цві Міркін адзначыў важнасць гэтага выдання для захавання аб’ектыўнай гістарычнай памяці аб трагедыі яўрэяў на Беларусі.
Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л. Воінаў расказаў аб той вялікай і важнай працы, якую праводзяць архіўныя ўстановы рэспублікі па ўвядзенню ў навуковы абарот новых архіўных матэрыялаў аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць яўрэйскага насельніцтва Беларусі.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.А. Марзалюк у сваёй прамове назваў беларусаў самай анцінацыстскай нацыяй і расказаў аб тым, як у нас захоўваецца аб’ектыўная Памяць аб тых страшных падзеях. Дэпутат дадаў: «Будзем удзячны тым, хто стварыў гэты выдатны зборнік. Зборнік за нашу агульную волю, пра нашы агульныя пакуты, пра тую страшную трагедыю, якую ўсе перажылі ў гады той акупацыі».
Кіраўнік следчай групы па расследванні крымінальнай справы аб генацыдзе — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь В.В. Талкачоў у сваім дакладзе падзяліўся думкай аб важнасці архіўных дакументаў для аб’ектыўнага расследвання крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады вайны, а таксама выказаў упэўненасць, што прэзентуемае выданне будзе карысным у працы супрацоўнікаў пракуратуры.
Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, к.г.н., дацэнт П.А. Трубчык расказаў аб цесных сувязях беларускіх вучоных і архівістаў на ніве даследчыцкай працы, у тым ліку і па розных аспектах гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Аб тым, як вялася падрыхтоўка зборніка дакументаў, аб яго структуры і інфармацыйным патэнцыяле расказаў загадчык аддзела публікацый НАРБ, к.г.н. С.В. Кулінок.
У заключэнне дырэктар НАРБ А.К. Дземянюк падзякаваў усіх прысутных за ўдзел у прэзентацыі і перадаў адзін экзэмпляр выдання ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі. Дырэктар НАРБ таксама паведаміў, што ў самы бліжэйшы час электронны варыянт зборніка будзе размешчаны ў агульным доступе на сайце архіва.
Асобую эмацыянальнасць гэтай трагічнай тэме прыдаў відэаролік з фондаў БДАКФФД. Расповед у ім вядзецца ад імя дзяўчынкі Гені, якая засталася сіратой — уся яе сям’я загінула ў гета.
Усе прысутныя на прэзентацыі маглі азнаёміцца з банернай выставай «Без тэрміну даўнасці. Беларусь» аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва нашай краіны; выставай арыгінальных дакументаў па гісторыі Халакоста на Беларусі і выданняў па гэтай тэме.
Музыкальнае суправаджэнне мерапрыемства ажыццяўляў струнны квартэт Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь «Прэзідэнтскі аркестр Рэспублікі Беларусь».