Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Маладзечна»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 1 734 фонда, 276 679 адзінкі захоўвання (у тым ліку: 149 фондаў, 45 653 адзінкі захоўвання польскага перыяду і 1 585 фондаў, 231 026 адзінак захоўвання савецкага і постсавецкага перыядаў)

Храналагічны перыяд: з 1919 г. па цяперашні час (асобныя дакументы датычацца перыяду Першай сусветнай вайны)

Тэрытарыяльны ахоп:

  • Браслаўскі, Вілейскі, Віленска-Трокскі, Валожынскі, Дзісенскі, Дунілавіцкі, Маладзечанскі, Ашмянскі, Пастаўскі і Свянцянскі паветы Віленскага ваяводства Польшчы
  • скасаваныя Івянецкі, Ільянскі, Крывічскі, Радашковічскі, Свірскі раёны
  • Вілейскі, Валожынскі, Маладзечанскі і Мядзельскі раёны Мінскай вобласці

Склад фондаў:

Перыяд 1919-1939 гг. прадстаўлены дакументамі устаноў і арганізацый польскай дзяржавы на тэрыторыі Заходняй Беларусі: Віленскага ваяводскага кіравання, Віленскага акруговага зямельнага кіравання, павятовых старастваў, павятовых камендатур дзяржаўнай паліцыі, гарадскіх судоў, акруговых выбарчых камісій па выбарах у сейм і сенат і інш. Найбольш цікавымі з’яўляюцца фонды Віленскага ваяводскага кіравання і Віленскага акруговага зямельнага кіравання. У іх утрымліваюцца звесткі аб правядзенні аграрнай рэформы на тэрыторыі вышэйзгаданых паветаў Віленскага ваяводства, класіфікацыі зямель і іх ацэнцы, структуры землеўладання, стане памешчыцкіх гаспадарак, надзяленні зямлёй ваенных і грамадзянскіх асаднікаў, правядзенні парцэляцыі зямель, выдзяленні сялян на хутары, продажы сялянам і іншым грамадзянам зямельных участкаў і землеўладанняў, прадастаўленні пазыкі сялянам і асаднікам і іншых пытаннях. Маюцца спісы пакупнікоў зямельных участкаў, сялян, што выдзяляюцца на хутары, малазямельных і беззямельных сялян, уладальнікаў зямельных участкаў і інш.

У фондах павятовых старастваў, павятовых зямельных упраўленняў, павятовых каманд дзяржаўнай паліцыі, павятовых камітэтаў па надзяленню зямлёй і акруговых выбарчых камісій па выбарах у сейм і сенат сканцэнтраваны звесткі аб стане сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі; пранікненні замежнага капіталу; падатковай палітыцы ўрада; становішчы рабочых і сялян; эканамічным і маральна-палітычным стане паветаў; закрыцці беларускіх школ; дзейнасці палітычных партый і грамадскіх арганізацый Польшчы: Камуністычных партый Польшчы і Заходняй Беларусі, Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, Беларускай сялянска-рабочай грамады, Таварыства беларускай школы і інш.

Фонды павятовых старастваў ўтрымліваюць звыш чатырох тысяч адзінак захоўвання картаграфічных дакументаў, якія ўяўляюць сабой праекты і планы зямель мястэчак, вёсак, засценкаў, дзяржаўных і прыватных маёнткаў, царкоўных землеўладанняў, планы меліярацыйных работ і класіфікацыі зямель маёнткаў і вёсак; карты паветаў.

Існуючы ў архіве комплекс дакументаў за 1939-1941 гг. прадстаўлены толькі часткова захаванымі дакументамі 59 фондаў. Самымі цікавымі з іх з’яўляюцца дакументы Вілейскай абласной пракуратуры: наглядныя вытворчасці па крымінальных справах па абвінавачванні грамадзян у здрадзе Радзіме, шпіянажы, дыверсіях, шкодніцтве, контррэвалюцыйнай дзейнасці, нелегальным пераходзе дзяржаўнай мяжы і да т. п.

Асноўную групу, пачынаючы з пасляваеннага перыяду, складаюць дакументы мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання: пратаколы сесій Саветаў і пасяджэнняў выканкамаў, дакументы галіновых пастаянных камісій, мясцовыя бюджэты і справаздачныя ведамасці пра вынікі іх выканання, планы развіцця народнай гаспадаркі, справаздачы аб іх выкананні і інш.

У фондах органаў дзяржаўнага і народнага кантролю адклаліся загады, інструкцыі і ўказанні вышэйстаячых органаў дзяржаўнага кантролю, планы працы іх мясцовых органаў, справаздачы па асноўнай дзейнасці, акты аб выніках праведзеных імі праверак і інш.

У дакументах фондаў па ахове грамадскага парадку, суда, пракуратуры, адвакатуры і натарыята маюцца пратаколы аператыўных і міжведамасных нарад, абагульнення практыкі іх працы, крымінальныя і грамадзянскія справы, надзорныя вытворчасці па крымінальных справах, прысуды, рашэнні судоў і інш.

Група мясцовых дакументаў органаў прафсаюзаў прадстаўлена пратаколамі прафсаюзных канферэнцый, пленумаў і пасяджэнняў прэзідыумаў абласных, гарадскіх і раённых камітэтаў, планамі работы і інш.

Органы друку і радыёвяшчання прадстаўлены фондамі рэдакцый газет і радыёвяшчання, дырэкцыі радыётрансляцыйных сетак. Іх дзейнасць адлюстравана ў планах работы, справаздачах аб іх выкананні, тэкстах радыёперадач інш.

Вялікую групу складаюць фонды арганізацый і прадпрыемстваў народнай гаспадаркі. Сюды ўваходзяць фонды галіновых падраздзяленняў выканкамаў мясцовых Саветаў, прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, лясгасаў, гарадскіх і раённых інфармацыйна-вылічальных станцый, тэхнікумаў, прафтэхвучылішчаў, школ і інш.

Дакументы названых фондаў савецкага перыяду ўтрымліваюць звесткі аб нацыяналізацыі і канфіскацыі прыватных прадпрыемстваў і будынкаў заможнай часткі насельніцтва Заходняй Беларусі пасля яе ўз’яднання з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай (БССР); аб падрыхтоўцы, правядзенні і падвядзенні вынікаў выбараў у вышэйшыя і мясцовыя органы дзяржаўнай улады і ў народныя суды; аб захаванні сацыялістычнай законнасці і ахове грамадскага парадку; развіцці розных галін народнай гаспадаркі, правядзенні калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў Заходняй Беларусі; аб шкодзе, нанесеным насельніцтву падчас нямецкай акупацыі; аб стане злачыннасці і барацьбе з ёй; аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС і аказанні дапамогі грамадзянам, якія пацярпелі ад яе.

Дакументы ўпаўнаважаных Саветаў па справах рэлігійных культаў і па справах Рускай праваслаўнай царквы ўтрымліваюць звесткі аб колькасці і стане цэркваў, касцёлаў і іншых культавых будынкаў, колькасці зарэгістраваных рэлігійных суполак і іх характарыстыках, сацыяльным складзе вернікаў, кантролі за адпраўленнем рэлігійных абрадаў са боку органаў дзяржаўнай улады і інш.

Дакументы перыяду Рэспублікі Беларусь (з 1991 г. па цяперашні час) асвятляюць правядзенне рэферэндуму СССР у 1991 г. з мэтай высвятлення меркавання грамадзян аб мэтазгоднасці захавання саюзнай дзяржавы, правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму 1995 г.; структурную перабудову эканомікі і ўвядзенне рынкавых адносін; палітыку рэсурсазберажэння на месцах; арганізацыю, дзейнасць і ліквідацыю малых прадпрыемстваў недзяржаўных форм уласнасці, прыватызацыю жылля; рэарганізацыю сярэдніх школ і іншых навучальных устаноў у гімназіі, каледжы, іх працу і інш.

У дакументах мясцовых дзяржаўных падатковых інспекцый маюцца звесткі аб арганізацыі эканамічнай і кантрольнай работы; паступленні падатковых плацяжоў і запазычанасці па падатках, зборах і плацяжах у бюджэт; аб уліку грамадзян, якія маюць даходы ад заняткаў прадпрымальніцкай дзейнасцю; аб вылічэнні зямельнага падатку і падатку на нерухомасць.

У калекцыі дакументаў аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны і вайскоўцаў, якія праходзілі службу ў Афганістане, сабраны копіі дакументаў Маладзечанскай абласной камісіі садзейнічання ў рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленню і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды па Маладзечанскай вобласці; паказанні былых ваеннапалонных, ўспаміны былых малалетніх вязняў, інфармацыі аб рабоце Вілейскай і Маладзечанскай раённых камісій па справах былых партызан і падпольшчыкаў; спісы населеных пунктаў, знішчаных у час вайны; спісы ўдзельнікаў вайны, якія пражываюць на тэрыторыі Вілейскага, Валожынскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў Мінскай вобласці; ваеннаслужачых, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў час вайны; інвалідаў і сем’яў загінулых воінаў і партызан, вайскоўцаў, якія праходзілі службу ў Афганістане і інш.

У архіве маюцца таксама фонды асабістага паходжання дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, навуковых работнікаў.
Асноўны комплекс дакументаў кандыдата медыцынскіх навук Ф. І. Світа складаюць навуковыя працы, рукапісы выступленняў, дакладаў і артыкулаў, пратаколы апісанні і графікі правядзення досведаў, рацыяналізатарскія прапановы і інш., у якіх асветлена распрацоўка тэхналогіі атрымання гатовай лекавай формы айчыннага прэпарата мачавіны для ін’екцыі і арганізацыя яго масавай прамысловай вытворчасці для патрэб практычнай аховы здароўя, у тым ліку пры правядзенні аперацый на галаўным мозгу.
Да яго прымыкае фонд ўрача-нейрахірурга, кандыдата медыцынскіх навук І. Э. Світа. Комплекс яго дакументаў складаецца з навуковых прац, брашур і метадычных дапаможнікаў пра вывучэнні эпілептычнай хваробы і метадах яе лячэння.
Рукапісы брашур, артыкулаў і нарысаў кандыдата гістарычных навук, члена Саюза пісьменнікаў БССР Г. А. Каханоўскага ўтрымліваюць звесткі па краязнаўстве, літаратуразнаўстве і фальклору Беларусі.
У фондзе члена Саюза пісьменнікаў СССР, перакладчыка П. І. Біцеля маюцца пераклады твораў Луцыя Апулея, паэтаў Адама Міцкевіча, Юзафа Крашэўскага і Аляксандра Твардоўскага з лацінскай, польскай і рускай моў на беларускую.
Рукапісы апавяданняў, выступленняў, артыкулаў і дакладаў аб адукацыйнай і выхаваўчай працы школы складаюць асабісты фонд заслужанага настаўніка БССР С. Г. Дзямешка.
Асабісты фонд галоўнага рэдактара часопіса “Куфэрак Віленшчыны” М. Казлоўскага складаецца з рукапісаў нарысаў, артыкулаў, рэцэнзій, выступаў і іншых дакументаў службовай і творчай дзейнасці.
У фондах паэткі А. А. Новік і паэта-франтавіка В. І. Носава маюцца рукапісы аповесцяў, паэм, апавяданняў, вершаў, нарысаў, гумарэсак і іншых твораў.
У асабістых фондах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны І. С. Сцяпанава (члена Саюза журналістаў) і П. М. Данілачкіна маюцца рукапісы кніг, апавяданняў і успамінаў аб баявых таварышах і подзвігаў воінаў падчас вайны, аб палітыка-выхаваўчай працы сярод моладзі, культурна-асветнай працы сярод насельніцтва і інш.
У фондзе Шарамета І. А., ураджэнца Маладзечанскага раёна, ваеннага навукоўца, генерал-маёра, прафесара, доктара тэхнічных навук Расіі, маюцца манаграфіі, навуковыя публікацыі, фатаграфіі і інш.