Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Бабруйску»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 965 фондаў, 237 184 адзінкі захоўвання

Храналагічны перыяд: 1918 – 1941 гг., 1944 – 2016 гг.

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваная Бабруйская акруга
  • скасаваная Бабруйская вобласць
  • Бабруйскі, Глускі, Кіраўскі, Клічаўскі і Асіповіцкі раёны Магілёўскай вобласці

Склад фондаў:

Архіў захоўвае дакументы, якія характарызуюць сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну. Дакументы за 1918-1941 гг. прадстаўлены невялікай колькасцю фондаў і спраў, у асноўным па асабовым складзе.

Фонды Бабруйскага аддзялення Народнага камісарыята дзяржаўнага кантролю за 1919 г., педагагічных курсаў Мінскага губернскага аддзела народнай адукацыі, Бабруйскага гарадскога аддзела адукацыі ўтрымліваюць ведамасці на выдачу работнікам заработнай платы, спіс слухачоў, атэстаты і пасведчанні асоб, якія скончылі Раманаўскае вышэйшае вучылішча, асабістыя справы настаўнікаў школ г. Бабруйска.

У фондзе акруговага аддзела сацыяльнага забеспячэння за 1924-1927 гг. маюцца справы з хадайніцтвамі грамадзян Бабруйскай акругі аб прызначэнні пенсій.

Звесткі аб ўпарадкаванне зямлі, замацаванні зямель, адводзе зямель сельскагаспадарчым таварыствам, па надзяленні яўрэйскага насельніцтва зямлёй, па рэгістрацыі і перарэгістрацыі арцеляў маюцца ў фондах акруговага Зямельнага аддзела за 1920-1930 гг. і Акруговай камісіі за 1927-1929 гг.

Фонды акруговага і фінансавага аддзелаў за 1918-1919 гг. і фінансавага аддзела Бабруйскага акруговага выканаўчага камітэта Савета рабочых, сялянскіх і краснаармейскіх дэпутатаў за 1918-1930 гг ўтрымліваюць справы па абкладанню падаходным падаткам грамадзян, спісы асоб, якія падлягаюць абкладанню надзвычайным рэвалюцыйным падаткам, спісы і звесткі аб колькасці уладальнікаў бягучых рахункаў і укладаў.

У фондзе Бабруйскага павятовага ўпраўлення па эвакуацыі Беларускага насельніцтва ўпраўлення па эвакуацыі насельніцтва (Белэвак) за 1920-1922 гг. адклаліся спісы і звесткі аб руху бежанцаў, карткі і пасведчанні ваеннапалонных на права атрымання квіткоў, спісы латвійскіх, літоўскіх і польскіх бежанцаў, якія адпраўляюцца ў г. Мінск для далейшага накіравання на радзіму.

Дакументальныя матэрыялы за 1944-2002 гг. адлюстроўваюць аднаўленне і развіццё рэгіёну. Яны знаходзяцца ў фондах органаў дзяржаўнай улады (Бабруйскага аблвыканкама, гарадскога, раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў і іх выканаўчых камітэтаў); камітэтаў народнага кантролю; абласной, гарадскіх і раённых планавых камісій, раённых аддзелаў статыстыкі; устаноў і прамысловых прадпрыемстваў дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці; арганізацый і прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі; будаўнічых арганізацый; фінансавых і падатковых органаў; устаноў гандлю, забеспячэння, збыту і нарыхтовак, камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання насельніцтва; аддзелаў адукацыі і навучальных устаноў; устаноў культуры (аддзелаў культуры, Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя У. Дуніна-Марцінкевіча, музычнай школы) і сродкаў масавай інфармацыі; устаноў аховы здароўя; судоў і пракуратур; гарадскіх і раённых прафсаюзных арганізацый.

Асаблівую каштоўнасць уяўляюць дакументы фондаў Бабруйскай абласной камісіі садзейнічання ў працы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды па Бабруйскай вобласці, аддзела рэпатрыяцыі і перасялення пры Бабруйскім аблвыканкаме. У гэтых фондах маюцца звесткі аб злачынствах нямецкіх акупантаў, пра шкоду, нанесеным мірным жыхарам гарадоў Бабруйска, Асіповіч і Слуцка, Бабруйскага, Грэскага, Капыльскага, Любанскага, Асіповіцкага, Старобінскага, Старадарожскага, Кіраўскага, Чырвонаслабодскага, Кастрычніцкага, Парыцкага, Клічаўскага, Глускага і Слуцкага раёнаў, аб масавых расстрэлах і пакараннях смерцю, спісы сагнаных на прымусовыя працы ў Германію і вярнуўшыхся на радзіму, даклад аб рабоце камісіі, фотаальбом разбурэнняў у г. Бабруйску.

Акрамя дакументальных фондаў, у архіве створана 5 калекцый малааб’емных фондаў ліквідаваных калгасаў Бабруйскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў за перыяд 1944-1950 гг. Маецца калекцыя дакументальных матэрыялаў па асабоваму складу ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Бабруйскага, Глускага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў у аб’ёме 868 спраў за 1944-1960 гг.

У архіве створана калекцыя малааб’емных фондаў асабістага паходжання з асабістых фондаў Цімошчанка А. А., заслужанага настаўніка БССР, члена КПСС, дырэктара Свіслацкай СШ Асіповіцкага раёна; Андрыеўскага А. С., заснавальніка фехтавання на Бабруйшчыне, заслужанага трэнера, суддзі рэспубліканскай катэгорыі; Дуброўскага В. І., удзельніка Фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў, члена КПСС, Кавалера 2-х ордэнаў Чырвонай Зоркі і ордэна Айчыннай вайны 2-ой ступені; Арлоўскага Кірылы Пракопавіча, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі ў гады Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, старшыні калгаса “Рассвет” Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці; Боўды Ю. І. – мастака-афарміцеля раённага цэнтра культуры, Народнага майстра Рэспублікі Беларусь, члена грамадскага аб’яднання «Беларускага саюза майстроў народнай творчасці»; Манёнак Т. Н. – дырэктара Бабруйскага дзяржаўнага занальнага архіва, Ганаровага архівіста Беларусі; Акуліча Г. Н. – старшыні выканкама Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў працоўных, 2-га сакратара Бабруйскага падпольнага райкама КП(б)Б. У фондзе прадстаўлены асабістыя дакументы, фатаграфіі, перапіска, публікацыйныя матэрыялы і інш.

Калекцыя малааб’емных фондаў асабістага паходжання папоўнілася фондам Князева Юрыя Несцеравіча – лекара псіхіятра-нарколага, кандыдата медыцынскіх навук, старшыні праўлення Бабруйскага навуковага таварыства лекараў ДА «Беларуская асацыяцыя лекараў».