50 гадоў Вілейска-Мінскай воднай сістэме: на раённым мерапрыемстве ў Вілейцы архівісты з Маладзечна раскрылі хроніку маштабнага будаўніцтва гідратэхнічнага аб’екта

У Вілейцы ўрачыста адзначылі 50-годдзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы – грандыёзнага гідратэхнічнага праекта, які назаўжды змяніў жыццё сталіцы і ўсяго рэгіёну. У выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея адкрылася экспазіцыя, якая стала цэнтральнай падзеяй юбілейных мерапрыемстваў.

На сустрэчы сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, удзельнікі будаўніцтва, жыхары вёсак, якія апынуліся пад вадой пры стварэнні Вілейскага вадасховішча, музеязнаўцы і архівісты, краязнаўцы і журналісты, а таксама шырокая грамадскасць. Атмасфера сустрэчы была напоўнена ўспамінамі, гонарам і павагай да тых, хто паўстагоддзя таму здзейсніў сапраўдны працоўны подзвіг.

Экспазіцыя расказвае пра «праект стагоддзя» праз жывую гісторыю чалавечай смеласці навуковай думкі і гармоніі з прыродай. У яе аснове – тры сэнсавых блока. Першы – гісторыка-дакументальны. Архіўныя фота- і відэаматэрыялы літаральна паказваюць, як перакройвалася зямля: рыліся каналы, узводзіліся дамбы, пракладвалася новае рэчышча. Другі – навуковы. Прыватная калекцыя геадэзічных прыбораў ТАА «Геакарт» нагадвае аб тым, што за ўяўнай простай ідэяй «перакінуць ваду» стаялі гады пошукаў, найскладаныя разлікі і праца інжынераў. Трэці – прыродна-культурны. Мастацкія палотны і матэрыялы аб багатым жывёльным свеце дэманструюць прыгажосць новага ландшафту, народжанага будаўніцтвам.

Асаблівую ролю ў падрыхтоўцы выставы адыгралі архівісты з Маладзечна. Яны прадставілі віртуальную выставу на аснове архіўных матэрыялаў «Вытокі і гарызонты. 50 гадоў воднай артэрыі» і прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, падкрэсліўшы значнасць захавання дакументальнай памяці аб будаўніцтве. Таксама прысутным быў прадэманстраваны фільм БДАКФФД аб маштабным будаўніцтве гідракомплексу.

Даведачна: пытанне аб водазабеспячэнні Мінска стала востра ўзнімацца ў пасляваенныя гады. У пачатку 1960-х пачаліся праектныя работы, а ў 1964 годзе быў зацверджаны канчатковы варыянт трасы перакідкі. З красавіка 1968 года стартавала будаўніцтва сістэмы, галоўным элементам якой стала Вілейскае вадасховішча – адзін з найбуйнейшых штучных вадаёмаў краіны. Асноўныя работы завяршыліся да канца 1975 года, а 16 студзеня 1976 года адбыўся шматлюдны мітынг з удзелам урада рэспублікі, партыйных органаў, грамадскасці і будаўнікоў. Пасля яго заканчэння былі адкрыты затворы канала, і вада накіравалася да Мінска.

 

1. Архівіст Марыя Іванаўна Мячкоўская падчас прэзентацыі выстаўкі «Вытокі і гарызонты. 50 гадоў воднай артэрыі»
2. Фрагмент музейнай выставы
3. Філістовіч Раіса Канстанцінаўна, жыхарка в.Рыбчына, затопленай падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча
4. Прадстаўнік ТАА «Геакарт» падчас правядзення экскурсіі
5. Экспанаты з прыватнай калекцыі геадэзічных прыбораў ТАА «Геакарт»
6. Дырэктар установы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна» Іна Зянонаўна Пудакевіч і удзельнікі будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы падчас мерапрыемства