Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў: памяць і гістарычныя сведчанні

11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэтая дата ўстаноўлена ў гонар падзей 1945 года, калі войскі саюзнікаў вызвалілі вязняў Бухенвальда і іншых лагераў смерці. На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала больш за 580 месцаў прымусовага ўтрымання, сярод якіх асабліва сумна вядомыя Трасцянец, Азарычы і Калдычава.

У гэты дзень мы ўшаноўваем памяць загінулых і выказваем глыбокую павагу тым, хто выжыў, праявіўшы неверагодную сілу духу. Іх гісторыі — гэта напамін аб тым, як важна берагчы мір і не дапушчаць паўтарэння такіх трагедый. Памяць пра ахвяр канцлагераў павінна жыць у сэрцах будучых пакаленняў, каб падобнае ніколі не паўтарылася.

Архівы як захавальнікі памяці

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь захоўвае ўнікальныя дакументы, якія сведчаць пра трагедыю вязняў:

Фонд 678: успаміны, лісты і паказанні вязняў на розных мовах;
Фонд 1440: матэрыялы пра лагеры на акупаванай тэрыторыі Беларусі;
Фонд 1536: гісторыі тых, хто, перажыўшы лагеры, змагаўся за прызнанне сваіх пакут;
Фонд 1569: лічбавыя копіі дакументаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якія раскрываюць маштабы злачынстваў нацыстаў.

Асноўныя публікацыі архіва

Падрабязней пра лёсы вязняў можна даведацца з навуковых публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублiкi Беларусь:

– «Озаричи — лагерь смерти» (1997);
– «Заложники вермахта» (1999);
– «Холокост в Беларуси 1941-1944» (2002);
– «Лагерь смерти Тростенец» (2003);
– «Выжить — подвиг: о Минском гетто» (2008);
– «Лагеря советских военнопленных в Беларуси 1941–1944» (2016);
– «Тростенец: трагедия народов Европы» (2016);
– «Холокост в Беларуси: трагедия и память» (2022).

Памяць — наш абавязак

Гісторыі вязняў нагадваюць пра каштоўнасць міру і чалавечнасці. Вывучэнне архіўных дакументаў дазваляе не толькі захаваць праўду, але і перадаць яе будучым пакаленням.

Прэзентацыя як інструмент памяці

Для захавання гістарычнай праўды Нацыянальны архіў Рэспублiкi Беларусь падрыхтаваў спецыяльную прэзентацыю, з якой можна азнаемiцца па спасылцы.