Дэлегат ВНС Юлія Неўталонава павіншавала работнікаў «Занальнага дзяржархіва ў г. Маладзечне» з надыходзячым Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і агучыла галоўныя тэзісы Усебеларускага народнага сходу

Напярэдадні важнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў У Г.Маладзечна» адбылася інфармацыйная сустрэча. Яе правяла дэлегат Усебеларускага народнага сходу, медсястра ўчастковага кабінета для аказання паліятыўнай дапамогі дзецям педыятрычнага аддзялення № 1 дзіцячай паліклінікі Маладзечанскай ЦРБ Юлія Неўталонава.

Госця распавяла аб важных пытаннях, якія тычацца бяспекі і стабільнасці беларускага грамадства, агучыла галоўныя тэзісы Сходу, а таксама пазначыла ролю кожнага грамадзяніна ў забеспячэнні суверэнітэту краіны. Дэлегат УНС падкрэсліла: кожны супрацоўнік уносіць свой уклад ва ўмацаванне абараназдольнасці і развіццё эканомікі Беларусі.

– У выступленні на VII Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Быць дэлегатам УНС – выступаць барометрам грамадскіх настрояў. Быць прынцыповым у абароне нацыянальных інтарэсаў. Усім нам трэба будзе даць справаздачу аб сваёй працы. Данесці да кожнага, як важна сёння быць моцнымі, адзінымі і згуртаванымі ў адстойванні інтарэсаў роднай краіны», – працытавала словы кіраўніка дзяржавы Юлія Неўталонава.

Медсястра падкрэсліла, што сёння наша краіна сапраўды можа ганарыцца поспехамі ва ўсіх напрамках ад эканомікі да сацыяльнай сферы. Брэнд дзяржавы – магутная сацыяльная палітыка: падтрымка шматдзетных і маладых сем’яў, людзей пажылога ўзросту і інвалідаў, клопат аб камфортным жыцці жыхароў нашай краіны. Геапалітычныя выклікі патрабуюць станавіцца мацнейшымі. І прынятыя на ВНС стратэгічныя дакументы адлюстроўваюць сучасныя рэаліі. Ваенная дактрына носіць выключна абарончы характар, а нацыянальная бяспека складаецца не толькі з ваеннай і палітычнай бяспекі, гэта яшчэ і захаванне гістарычнай памяці, культурнай спадчыны і іншыя напрамкі.

У завяршэнні сустрэчы дэлегат народнага веча павіншавала работнікаў архіва з надыходзячым дзяржаўным святам. Для госці спецыялісты аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў правялі аглядную экскурсію па установе.

 

1. Дэлегат УНС Юлія Неўталонава падчас выступу перад супрацоўнікамі архіва.
2. Супрацоўнікі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Маладзечне»
3. Супрацоўнікі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Маладзечне»
4. Юлія Неўталонава знаёміцца з найбольш цікавымі архіўнымі дакументамі.
5. Падчас агляднай экскурсіі па архіве для дэлегата ВНС Юліі Неўталонавай.
6. Юлія Неўталонава і архівіст В.М. Беразоўская ў архівасховішчы.