Зацверджаны новы агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь АКРБ 010-2023 «Уніфікаваныя дакументы»

Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 6 снежня 2023 г.№75 «Аб зацвярджэнні, увядзенні ў дзеянне і скасаванні агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь» зацверджаны і ўведзены ў дзеянне агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь АКРБ 010-2023 «Уніфікаваныя дакументы» (АКУД) (далей – АКРБ 010-2023).

Класіфікатар уводзіцца ў дзеянне з 1 лютага 2024 г. замест агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь АКРБ 010-95 «Уніфікаваныя дакументы» (зацверджаны пастановай Камітэта па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь ад 29 верасня 1995 г.№10 (далей – АКРБ 010-95).

Згодна з дадаткам да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 лютага 2018 г.№121 «Аб арганізацыі работы з агульнадзяржаўнымі класіфікатарамі» рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, упаўнаважаным на зацвярджэнне АКРБ 010-95, вызначана Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Загадам Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 25.06.2018 №140 «Аб дэлегаванні паўнамоцтваў» паўнамоцтва на вядзенне АКРБ 010-95 былі дэлегаваны Беларускаму навукова-даследчаму інстытуту дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС). Гэтым жа загадам БелНДІДАС было даручана ажыццявіць перагляд класіфікатара, а кантрольныя функцыі былі ўскладзены на дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

На гэтай аснове БелНДІДАС быў падрыхтаваны праект новага класіфікатара, вядзенне якога таксама ўскладзена на БелНДІДАС, што знайшло адлюстраванне ў пп. 4.15 п. 4 АКРБ 010-2023.

АКРБ 010-2023 з’яўляецца тэхнічным нарматыўным прававым актам, што забяспечвае сістэматызацыю і ўніфікацыю дакументаў, якія выкарыстоўваюцца ў пэўных сферах дзейнасці дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі незалежна ад формы ўласнасці і арганізацыйна-прававой формы. АКРБ 010-2023 прызначаны для выкарыстання арганізацыямі ў вобласці апрацоўкі (сістэматызацыі, уліку, аналізу) і пошуку дакументаванай інфармацыі, што выкарыстоўваецца ў кіраванні.

Новы класіфікатар распрацаваны з улікам змены прававых асноў распрацоўкі і вядзення нацыянальнай сістэмы класіфікацыі і каддзіравання тэхніка-эканамічнай і сацыяльнай інфармацыі, улічвае складзеную сістэму класіфікацыі і кадзіравання дакументаванай інфармацыі ва ўніфікаваных сістэмах дакументацыі Рэспублікі Беларусь, адпавядае сучаснаму эканамічнаму, сацыяльнаму, навуковаму і тэхнічнаму ўзроўню развіцця дзяржавы і грамадства.