Дакументальны выставачны праект «Гістарычная памяць: генацыд беларускага народа»

11 – 12 ліпеня 2023 года на базе Ўстановы адукацыі «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», у рамках выязной калегіі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прэзентаваў выставачны праект «Гістарычная памяць: генацыд беларускага народа».

У 1944 годзе польскі юрыст яўрэйскага паходжання Рафаэль Лемкін даў вызначэнне нацысцкай палітыцы сістэматычнага знішчэння яўрэяў. Ён прапанаваў тэрмін «генацыд», злучыўшы грэцкае слова genos, што азначае «род, племя», з лацінскім caedo — «забіваю». Можна сцвярджаць, што падчас Вялікай Айчыннай вайны Беларусь падвергнулася ўсім формам генацыду.

Выставачны праект Нацыянальнага архіва знаёміць з дакументальнымі матэрыяламі аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва акупаванай Беларусі, генацыдзе беларускага народа, аб жахлівых фактах расправы над мірным насельніцтвам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Другая Сусветная вайна была не толькі самай кровапралітнай, але і самай жорсткай у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва. Выстава знаёміць са шматлікімі дакументальнымі сведчаннямі злачынстваў нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны – актамі Надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі, у якіх утрымліваюцца звесткі не толькі па шкодзе, прычыненай нямецка-фашысцкімі захопнікамі народнай гаспадарцы БССР, але і злачынствамі, здзейсненымі фашыстамі супраць грамадзянскага насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод прадстаўленых дакументаў успаміны Крайко Вольгі Пятроўны – вязніцы лагера смерці «Асвенцым», пратакол допыту Людвіга Ніттка, які прымаў удзел у расстрэле мірных грамадзян в. Шаулічы Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, акт, складзены жыхарамі в. Селішча Каменскага сельсавета Плешчаніцкага раёна Мінскай вобласці аб спаленні в. Хатынь з яе насельніцтвам, дакладная запіска начальніку БШПР М.Калініну аб спальванні немцамі трупаў па-зверску расстраляных савецкіх грамадзян у Магілёве і Бабруйску, распараджэнне палявога каменданта аб стварэнні гета ў г.Мінску, загад камандзіра асаблівага батальёна СС Оскара Дырлевангера па прачэсванні тылу падчас аперацыі «Хорнунг», уліковыя карткі на беларусаў, вывезеных на прымусовыя работы ў Германію і іншыя ўнікальныя дакументы архіва.

Прадстаўленыя на выставе фотадакументальныя матэрыялы аб’яднаны ідэяй захавання гістарычнай памяці, што спрыяе самаідэнтыфікацыі беларускага народа, выхаванню патрыятызму і пачуцця гонару за гераічнае мінулае.

 

Навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі ПрастаковаЮ.С. знаёміць Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Хаменка С.М. з дакументальнымі матэрыяламі, прадстаўленымі на выставе «Гістарычная памяць: генацыд беларускага народа»
Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Дземянюк А.К. праводзіць прэзентацыю дакументальнага выставачнага праекта «Гістарычная памяць: генацыд беларускага народа»
Уступнае слова першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Ледаўской В.А. перад прэзентацыяй дакументальнага выставачнага праекта «Гістарычная памяць: генацыд беларускага народа»
Вядучы навуковы супрацоўнік Мазец В.Г. і навуковы супрацоўнік Прастакова Ю.С. знаёмяць удзельнікаў выязной калегіі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з дакументальнай выставай «Гістарычная памяць: генацыд беларускага народа»
Вядучы навуковы супрацоўнік Мазец В.Г. знаёміць курсантаў установы адукацыі «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» з дакументамі архіва