Аб адкрыцці выставы «Партызаны Беларусі» ў Міністэрстве аховы здароўя

27 сакавіка ўнікальная экспазіцыя, прысвечаная партызанскаму і падпольнаму руху на тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і заснаваная на дакументах унікальнага праекта Выдавецкага дома «Беларусь сёння» і Нацыянальнага архіва, матэрыялах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, адкрылася ў сценах міністэрства аховы здароўя.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел: міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сёння» Дзмітрый Жук, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Алена Стуканава, намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Дзмітрый Краскоўскі.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Алена Стуканава ў сваім выступе адзначыла, што ў рабоце архіва вельмі важна не толькі захаваць дакументы, але і зрабіць іх даступнымі для ўсіх:

«Менавіта дзякуючы праекту «Партызаны Беларусі» дакументы сталі даступнымі ў любым пункце свету і ў любы час любому зацікаўленаму. Гэты праект тычыцца ўсіх і кожнага. Таму што практычна ў кожнай сям’і знойдуцца продкі, якія прымалі ўдзел у партызанскім руху падчас Вялікай Айчыннай вайны».

Звыш 374 тысяч партызан і больш за 70 тысяч удзельнікаў падполля змагаліся супраць фашыстаў на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх у складзе партызанскіх атрадаў і злучэнняў было 570 лекараў і 2095 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

За час працы інтэрнэт-партала «партызаны Беларусі» зафіксавана больш за 800 тысяч наведванняў. Сёння ў віртуальнай базе праекта без малога 209 тысяч электронных картак партызан і падпольшчыкаў.