Фотадакументальная выстава «Хатынь-святыня нацыянальнай памяці»

21 сакавіка 2023 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Хатынь – святыня нацыянальнай памяці», падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў і Дзяржаўным архівам Мінскай вобласці, прымеркаваная да 80-годдзя трагедыі беларускай вёскі Хатынь, спаленай разам з жыхарамі фашысцкімі акупантамі 22 сакавіка 1943 г.

Экспазіцыя заснавана на ўнікальных сапраўдных дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: данясенне Генеральнага камісара ў Мінску аб знішчэнні вёскі Хатынь ад 1 красавіка 1943 г., акт, складзены жыхарамі в. Селішча Каменскага сельсавета Плешчаніцкага раёна Мінскай вобласці аб спаленні в. Хатынь з яе насельніцтвам ад 25 сакавіка 1943 г., акт камісіі Плешчаніцкага падпольнага райкама КП(б)б, партызанскага атрада ім.М.I.Калініна і жыхароў в. Селішча пра зверствы нямецкай карнай экспедыцыі ў вёсцы Хатынь ад 12 ліпеня 1943 г. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выставы выклікала данясенне камандзіра 118 – паліцэйскага ахоўнага батальёна начальніку СС і паліцыі Барысаўскага павета аб нападзе партызан на батальён у в. Губа і знішчэнні в. Хатынь ад 12 красавіка 1943 г. (арыгінал на нямецкай мове і яго пераклад), а таксама адміністрацыйная карта Мінскай вобласці за 1940 год, на якой пазначаны населены пункт Хатынь і іншыя сведчанні злачынстваў супраць мірнага насельніцтва.

У аснову банэрнай выставы «Хатынь-святыня нацыянальнай памяці» пакладзены лічбавыя копіі дакументаў архіва, якія падрабязна раскрываюць злачынствы гітлераўскіх акупантаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва вёскі Хатынь і іншых знішчаных вёсак, жыхары якіх загінулі ў гады вайны. Гэта дакументы партызан і мясцовых жыхароў, нямецкія допыты і справаздачы аб падзеях таго дня, партызанскі друк, матэрыялы сведак Хатынскай трагедыі, а таксама ваенных злачынцаў, якія панеслі заслужанае пакаранне у пасляваенны перыяд.

Заг.аддзелам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь М.А.Старасценка пазнаёміла з выставай, вядучы навуковы супрацоўнік В.Д.Селяменеў прачытаў лекцыю аб Хатынскай трагедыі для супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.