У рамках дня інфармавання 13 студзеня 2023 г. у чытальнай зале ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» адбыўся сход працаўнікоў архіва

У рамках дня інфармавання 13 студзеня 2023 г. у чытальнай зале ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» (далей – ДАГв) адбыўся сход працаўнікоў архіва.

У сваім дакладзе дырэктар ДАГв Сушчэвіч А.М. давёў да ведама калектыву інфармацыю аб падзеях, якія адбыліся ў краіне і за мяжой з 31 снежня па 6 студзеня 2023 года.

Андрэй Мікалаевіч падкрэсліў, што ў мэтах кансалідацыі беларускага народа, умацавання ў грамадстве ідэй міру і стваральнай працы як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 2023 год аб’яўлены Годам міру і стварэння. Адпаведны Указ нумар 1 ад 1 студзеня 2023 года падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Таксама дырэктар архіва зазначыў, што А.Г Лукашэнка падпісаў указ №2, якім зацвярджаецца новая рэдакцыя Правілаў прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі.
«Правілы накіраваны на павышэнне аб’ектыўнасці ацэнкі ведаў абітурыентаў і забяспечваюць выкананне прынцыпу роўнай магчымасці паступлення ў ВНУ. Імі таксама прадугледжваецца ўдасканаленне адбору найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў для атрымання запатрабаваных эканомікай краіны спецыяльнасцей», – адзначылі ў прэс-службе Прэзідэнта.

Акрамя таго, Андрэй Мікалаевіч у сваім дакладзе расказаў, што апублікаваны Закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год. Прыярытэтнымі напрамкамі бюджэтнай палітыкі ў 2023 годзе застаюцца галіны сацыяльнай сферы. Прадугледжваецца фінансаванне сферы сацыяльнай палітыкі, аховы здароўя, адукацыі, сферы нацыянальнай абароны, сельскай гаспадаркі і транспартнай сферы.

Падчас мерапрыемстваў дырэктар архіва даў вычарпальныя адказы на ўсе зададзеныя пытанні.