Адкрыццё выставы да 100-годдзя Уладзіміра Калесніка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

16 верасня 2022 г. у чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы «Голас Праметэя», прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, найвыдатнейшай асобе ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: пісьменніка, літаратуразнаўцы, крытыка, даследчыка фальклору, педагога, мастака, разьбяра, фатографа і проста светлага, добрага, цікавага чалавека.

Амаль 40 гадоў прафесар, былы партызан, аддаў педагагічнай справе, працуючы загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта. Сваёй руплівай дзейнасцю, грунтоўнай адукаванасцю, шматграннай таленавітасцю ён ствараў на Берасцейшчыне культурнае поле, у якім усё таленавітае, адданае справе беларускай культуры і асветы здабывала самасцвярджэнне. Яго студэнтамі і выхаванцамі былі многія вядомыя беларускія пісьменнікі і дзеячы літаратуры.

Стыхіяй навукоўца стала заходнебеларуская літаратура, пра што сведчыла яго першая кніга «Паэзія змагання» (1959), прысвечаная давераснёўскай творчасці Максіма Танка. Тэму літаратурнага жыцця ў Заходняй Беларусі пісьменнік працягнуў у кнігах «Час і песні», «Аповесць пра Таўлая”, «Пасланец Праметэя”, «Ростані волі», «Сцягі і паходні», «Ветразі Адысея», «Зорны спеў», у якіх стварыў мастацкія партрэты забытых, ці да канца не раскрытых талентаў.

Грамадзянскім і мастакоўскім подзвігам Уладзіміра Калесніка, Алеся Адамовіча і Янкі Брыля стала праца і выданне дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі….» (1975) пра трагедыю жыхароў спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак Беларусі.

На выставе прадстаўлены дакументы з асабістага фонду Уладзіміра Калесніка: рукапісы артыкулаў, успамінаў, сцэнарыяў тэле- і радыёперадач, матэрыялы падрыхтоўкі кніг, перапіска, дакументы грамадскай дзейнасці літаратара, фатаграфіі і інш.

Аўтар выставы, вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Таццяна Кекелева правяла экскурсію па выставе і распавяла пра творчы і жыццёвы шлях Уладзіміра Калесніка.

Літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус распавёў пра некаторыя цікавыя моманты падрыхтоўкі да выдання кнігі У. Калесніка «Ветразі Адысея», прысвечанай асобе і творчасці Уладзіміра Жылкі, і пра ролю Людмілы Краскоўскай у захаванні архіўнай спадчыны паэта.