Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва падрыхтаваў выставы ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння празаіка, паэта, драматурга Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча (1930-1984)

Да 90-годдзя з дня нараджэння вядомага празаіка, паэта, драматурга Уладзіміра Караткевіча (1930 – 1984) Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва падрыхтаваў дзве выставы. Першая з іх – віртуальная і мае назву «Галінкі з “дрэва вечнасці”». Яе склалі пераважна дакументы фонду У. Караткевіча ў БДАМЛМ, а таксама некаторых іншых: фотаздымкі, старонкі рукапісаў і машынапісаў, малюнкі, вокладкі кніг, газетныя і часопісныя публікацыі…

Фонд У. Караткевіча ў БДАМЛМ (№ 56) узнік дзякуючы самому пісьменніку, які ў 1964 і 1976 гг. перадаваў на захаванне свае дакументы. У выніку з’явіўся вопіс № 1 колькасцю 46 спраў. Пазней утварыўся і вопіс № 2 (37 спраў), куды ўвайшлі дакументы, што паступілі з розных крыніц: у 1985 г. – ад літаратуразнаўца Адама Мальдзіса; у 2007 г. – ад Таццяны Куляшовай, дачкі Юрыя Гальперына – сябра пісьменніка; з рэдакцыі выдавецтва “Беларусь” – аповесць “Зброя” (1964); выразкі з часопісаў і газет былі сабраныя супрацоўнікамі архіва-музея.
Адбор дакументаў і афармленне выставы здзейсніла вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Кацярына Петухова, суправаджальны тэкст напісала дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка. Пазнаёміцца з выставай можна на сайце БДАМЛМ.

Акрамя таго, на 5 паверсе будынка архіва-музея адбылося адкрыццё выставы «Па старонках “амбарнай кнігі”».

Так званая “амбарная кніга” – адзін з унікальных дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка. Яна ўяўляе з сябе былую кнігу бухгалтарскага ўліку, якая доўгі час захоўвалася ў прафесара А. Мальдзіса, сябра і нейкі час суседа У. Караткевіча. У 1967 г. кніга была прыстасаваная пад гасцявую, і ў ёй пакінулі аўтографы і малюнкі многія беларускія і замежныя пісьменнікі, навукоўцы, мастакі. Але галоўным аўтарам да 1973 г. быў У. Караткевіч, які змясціў тут нямала сяброўскіх шаржаў, замалёвак, жартоўных запісаў і эпіграм. Дзесяць гадоў таму, 24 лістапада 2010 г., падчас вечарыны ўспамінаў пра У. Караткевіча, што праводзілася ў БДАМЛМ, А. Мальдзіс распавёў гісторыю стварэння “амбарнай кнігі” і перадаў яе на захаванне ў архіў-музей.

На сённяшняй выставе дэманструецца больш за 40 старонак з “амбарнай кнігі” з малюнкамі і аўтографамі У. Караткевіча.