26 снежня 2018 г. у Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў «Тэатр рэвалюцыйнай сатыры ў Віцебску»
26 снежня 2018 г. у Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў «Тэатр рэвалюцыйнай сатыры ў Віцебску».
Выданне падрыхтавана Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці пры садзейнічанні Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. У выданні публікуюцца 183 дакумента за 1918 – 1921 гг. з фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці (ГАВт), Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва (РГАЛИ), бібліятэкі Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці (ДАМн), а таксама Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (РГБ), выяўленыя і прадстаўленыя нам. дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея (ВАКМ) В. А. Шышанавым. Аналітычная частка прадстаўлена аўтарскімі артыкуламі С. Мясаедавай «Тэатр рэвалюцыйнай сатыры як сацыякультурны феномен: ад палітычнага райка да рэвалюцыйнага тэатра», Т. Катовіч «Теревсат, востры клінок», Л. Хмяльніцкай «Марк Шагал і Теревсат».
Характар публікуемых крыніц вызначыў структуру выдання.
Раздзел «Гісторыя Тэатра рэвалюцыйнай сатыры ў Віцебску» ўключае 97 дакументаў. Пастановы, загады, пратаколы, інструкцыі, планы, акты, лісты, службовыя запіскі, а таксама шэраг публікацый з перыядычнага друку: анонсы, нататкі, агляды, артыкулы аб стварэнні і дзейнасці тэатра ілюструюць гісторыю арганізацыі і дзейнасці Тэатра рэвалюцыйнай сатыры (Теревсата) ў Віцебску ад першых пастановак да пераезду ў Маскву і далейшага шырокага распаўсюджвання па тэрыторыі РСФСР.
У раздзеле «Па старонках газет і часопісаў: творчыя матэрыялы для агітацыйнага тэатра» прадстаўлены прыпеўкі, вершы, фельетоны, байкі і інш. творы, якія маглі складаць рэпертуар агітацыйнага тэатра ў цэлым і тэатра рэвалюцыйнай сатыры ў прыватнасці. Раздзел уключае творы з віцебскіх перыядычных выданняў пад аўтарствам Г. Грыліна, чырвонага афіцэра Зуева, П. Міхайлава, М. Пустыніна, В. Яраслаўцава, а таксама неўстаноўленых аўтараў.
Зборнік праілюстраваны фатаграфіямі, факсімільнымі копіямі дакументаў і малюнкаў з фондаў ДАВт, ВАКМ, РГАЛИ, РДБ, ДАМн.
Фінансаванне яго выдання ажыццёўлена за кошт сродкаў абласнога бюджэту ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы «Архівы Беларусі» на 2016 – 2020 гады» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі». Наклад кнігі 100 асобнікаў. Па ўзгадненні з Віцебскім аблвыканкамам наклад размеркаваны для перадачы на бязвыплатнай аснове ў бібліятэчныя фонды музеяў, абласной бібліятэкі, ВДУ імя П. М. Машэрава і інш.





