Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў дакументальную выставу «Вызваленне. Шлях да перамогі»
2 ліпеня 2026 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Вызваленне. Шлях да перамогі», прысвечаная Дню Незалежнасці і вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Шлях да вызвалення ад гітлераўскіх акупантаў пачаўся восенню 1943 г., калі былі вызваленыя першыя гарады Беларусі. Улетку 1944 г. Чырвоная Армія працягнула вызваленне Рэспублікі ў ходзе Беларускай аперацыі пад кодавай назвай «Баграціён», якая пачалася 23 чэрвеня 1944 г. Яе ажыццяўлялі войскі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў, 1-га Прыбалтыйскага фронту, Дняпроўская ваенная флатылія, 1-я армія Войска Польскага, партызанскія фарміраванні. Войскамі камандавалі славутыя савецкія ваеначальнікі – Маршал Савецкага Саюза К.К.Ракасоўскі, генералы арміі I.Х.Баграмян, Г.Ф.Захараў, I.Д.Чарняхоўскі. Дзеянні франтоў каардынавалі прадстаўнікі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання-Маршалы Савецкага Саюза А.М. Васілеўскі і Г.К.Жукаў.
З магутным ударам Чырвонай Арміі зліліся рашучыя дзеянні беларускіх партызан, якімі ўпершыню за перыяд Вялікай Айчыннай вайны былі наладжаны сувязь і аператыўнае ўзаемадзеянне з войскамі франтоў. Народныя мсціўцы наносілі ўдары па камунікацыях праціўніка, зрывалі падвоз падмацаванняў, ўзбраення і боепрыпасаў да лініі фронту, арганізоўвалі засады. Зладжанасць і каласальны маштаб дзеянняў партызанскіх атрадаў фактычна адкрылі другі фронт у тыле ворага, назаўжды змяніўшы ход Вялікай Айчыннай вайны.
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў на выставе найбольш цікавыя дакументы з архіўных фондаў: загады Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР) і Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР), унікальныя ваенныя карты, дыяграмы, шыфратэлеграмы, данясенні, загады камандавання, у якіх адлюстравана дзейнасць па планаванні і правядзенні аперацыі па вызваленні Беларусі, прыклады масавага гераізму, праяўленыя ў гэтых баях, узнагародныя і асабістыя лісты па ўліку партызанскіх кадраў, іншыя дакументы.
Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, к.г.н. В.Г.Мазец азнаёміў супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з дакументальнай выставай.
![]() |
| 1. Афіша выставы |
![]() |
| 2. Экспазіцыя дакументальнай выставы «Вызваленне. Шлях да перамогі» |
![]() |
![]() |
![]() |
| 3-5. Архіўныя дакументы на выставе |
![]() |
| 6. Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь В.Г.Мазец знаёміць супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі з выставай |





