Аб правядзенні ўрока мужнасці «Афганістан баліць у маёй душы» установай «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ў межах рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе»
12 лютага 2026 г. на базе ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» для навучэнцаў 11 класа Дзяржаўным архівам Гомельскай вобласці быў праведзены ўрок мужнасці «Афганістан баліць у маёй душы», у якім у якасці мадэратара прыняла ўдзел намеснік старшыні Навабеліцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Любоў Ткач. Госці мерапрыемства: ветэраны-інтэрнацыяналісты і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама Андрэй Гуржый.
Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар архіва Юрый Шастапалаў расказаў навучэнцам пра місію савецкіх войскаў у Рэспубліцы Афганістан.
– У снежні 1979 года абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў быў уведзены ў Рэспубліку Афганістан па просьбе ўрада рэспублікі. Савецкія вайскоўцы не толькі абаранялі мясцовае насельніцтва Афганістана ад тэрарыстычных груповак, але і пабудавалі 25 аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, якія дагэтуль выкарыстоўваюцца афганцамі. Афганская вайна доўжылася больш за 9 гадоў. За гэты час загінула больш за 15 тысяч савецкіх вайскоўцаў. З іх больш за 700 чалавек былі беларусамі. Чацвёра воінаў-інтэрнацыяналістаў з Беларусі сталі Героямі Савецкага Саюза. Гэта Мікалай Чэпік, Андрэй Мельнікаў, Васіль Піменаў, Васіль Шчарбакоў. Значэнне даты 15 лютага 1989 года немагчыма пераацаніць. Вывад савецкіх войскаў 15 лютага 1989 года стаў сімвалам заканчэння гэтай трагічнай старонкі гісторыі, – сказаў Юрый Васільевіч.
Кранальныя і хвалюючыя ўспаміны воінаў-інтэрнацыяналістаў – Сяргея Гарбачова і Уладзіміра Чарняўскага пра баявое таварыства і трывожныя падзеі службы ў «гарачых кропках» планеты закранулі сэрцы прысутных.
Сяргей Гарбачов выконваў інтэрнацыянальны абавязак у якасці міратворчых сіл СССР у Рэспубліцы Югаславія як вайсковец звыштэрміновай службы. А Уладзімір Чарняўскі у 19 гадоў быў прызваны ў Рэспубліку Афганістан пасля праходжання «вучэбкі» ў паўднёвай кропцы СССР у г.Ашхабадзе.
– Мы былі маладымі хлопцамі і мала задумваліся над тым, што маглі не вярнуцца з чарговага задання. Было страшна, але трэба было выконваць загад. І мы рабілі гэта, часам самі здзіўляліся, як засталіся жывымі, – расказаў Уладзімір.
Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў запальваннем памятных свечак.
У заключэнне мерапрыемства выступіў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама Андрэй Гуржы:
– Падводзячы вынікі ўрока мужнасці, хочацца сказаць пра тое, што ў цяперашні час заходнія СМІ прыніжаюць гістарычную місію Савецкага Саюза ў Афганістане. Звяртаюся са словамі глыбокай павагі да Сяргея Гарбачова і Уладзіміра Чарняўскага. Вы з гонарам выканалі свой воінскі інтэрнацыянальны доўг.Вы паказалі мужнасць, стойкасць савецкага салдата сусветнай супольнасці і годна пранеслі гонар савецкага салдата. Ніякая армія іншых краін не здольная была так абараняць і аказваць дапамогу краінам, якія мелі патрэбу, як гэта рабіла армія Савецкага Саюза. Ваш подзвіг упісаны ў слаўную гісторыю Узброеных Сіл СССР. Дзякуй вам, дарагія ветэраны-інтэрнацыяналісты! Жадаем вам моцнага здароўя і мірнага неба!
У заключэнне мерапрыемства навучэнцы падарылі воінам-інтэрнацыяналістам кветкі і памятныя падарункі.
![]() |
| 1. Выступленне дырэктара архіва Ю.Шастапалава |
![]() |
| 2. С.Гарбачоў распавядае пра міратворчую місію ў Рэспубліцы Югаславія |
![]() |
| 3. Выступленне У.Чарняўскага пра сваю службу ў Рэспубліцы Афганістан |
![]() |
| 4. А.Гуржы падводзіць вынікі ўрока мужнасці |
![]() |
| 5. Свечкі Памяці ў памяць пра тых, хто не вярнуўся з «гарачых кропак» |
![]() |
| 6. Навучэнцы і госці мерапрыемства «Афганістан баліць у маёй душы» |





