БДАМЛМ на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця надмагільнага помніка Змітраку Бядулю

3 лістапада 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) на чале з дырэктарам А.А.Макаранка прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця надмагільнага помніка беларускаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Змітраку Бядуле на Усходніх могілках у Мінску.

Мерапрыемства арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, пры падтрымцы Міністэрства культуры, Саюза пісьменнікаў Беларусі, сваякоў З.Бядулі і падтрымцы соцень неабыякавых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў дабрачынным зборы сродкаў.

Змітрок Бядуля (Самуіл (Шмуэл-Нахім) Плаўнік) у 1910 годзе з’яўляўся пастаянным аўтарам віленскай газеты «Наша Ніва». Друкаваўся пад псеўданімамі Саша Пл-ік, Ясакар. З 1912 года ў Вільні працаваў разам з Янкам Купалам у рэдакцыі згаданай газеты, але ў 1915 годзе вярнуўся да бацькоў у Пасадзец. Потым жыў у Мінску, працаваў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1920 года некалькі гадоў працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», рэдагаваў дзіцячы часопіс «Зоркі». Працаваў у Інстытуце беларускай культуры, быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса «Наш край». Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пасля – ва «Узвышша». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

Найбольш вядомыя яго вершаваныя творы — «Палескія байкі» (1922) і паэма «Ярыла» (1922), празаічныя — аповесць «Салавей» (1927), зборнік апавяданняў «Незвычайныя гісторыі» (1931) і раман «Язэп Крушынскі» (1929—1932). У 1939 годзе выйшла аўтабіяграфічная аповесць «У дрымучых лясах».

У 1941 годзе пісьменнік эвакуіраваўся з Мінска. У эвакуацыі жыў спачатку ў Піжме Горкаўскай вобласці, потым, да канца кастрычніка 1941 года, у пасёлку Новыя Бурасы Саратаўскай вобласці, дзе ўз’яднаўся з сям’ёй. Падчас наступнай эвакуацыі на ўсход раптоўна памёр ад інфаркту міякарда ў цягніку ў раёне Уральска ў Казахстане, дзе і быў пахаваны.

У савецкія гады вярнуць прах класіка беларускай літаратуры ў рэспубліку спрабавалі шэсць разоў, але па розных прычынах усё зрывалася. У лютым 2020 года рэшткі Змітрака Бядулі былі эксгумаваны і дастаўлены ў Беларусь. Згодна пажаданню сваякоў рэшткі захоўваліся з блаславення мітрапаліта ў Ільінскай царкве ў Бабруйску. 3 лістапада гэтага ж года рэшткі былі перапахаваны на Усходніх могілках Мінска. 3 лістапада 2025 года ўсталяваны каменны помнік з надпісам па-беларуску аўтарскага калектыва — скульптара С.Л.Гумілеўскага і архітэктара В.І.Карака.

Сёння, як і заўсёды БДАМЛМ, захоўвае памяць аб дзеячах беларускай літаратуры і падтрымлівае важныя пачынанні, звязаныя з іх заслужаным ушанаваннем.

 

1. Работнікі БДАМЛМ на чале з дырэктарам А.А.Макаранка на мерпарыемстве
2. Падчас выступлення А.А.Макаранка на адкрыцці помніка
3. Адкрыццё помніка З.Бядулі
4. Удзельнікі мерапрыемства
5. Падчас выступлення Я.С.Плаўніка (сына З.Бядулі)