Аб удзеле маладых спецыялістаў установы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ў адкрыцці выставы скульптуры «Мова формы»

4 верасня 2025 адбылося адкрыццё выставы скульптуры «Мова формы» ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль».

На адкрыцці прысутнічаў старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў Іван Арцімовіч. Ён вядомы не толькі як скульптар, але і як навуковы дзеяч. У знак павагі ён падарыў загадчыцы мастацкім аддзелам музея Таццяне Літвінавай уласную кнігу пра архітэктуру Гомеля. Ад установы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» на адкрыцці выставы прысутнічалі Анастасія Арцем’ева, старшыня першаснай арганізацыі ГА «БРСМ» установы і члены БРСМ.

На адкрыцці былі прадстаўлены работы вядомых беларускіх аўтараў, такіх як Сяргей Гумялеўскі, Аляксандр Шапо, Міхаіл Рагатка, Іван Губарэвіч і інш.

Кожны з прадстаўленых аўтараў размаўляе на ўласнай мове вобразаў і рашэнняў. Адны ствараюць абстрактныя, сімвалічныя творы са шкла і пластыка, якія знаходзяцца на мяжы скульптуры і дызайну, іншыя ж імкнуцца сказаць сваё слова ў традыцыйнай бронзе і камені праз звыклую фігуратыўную пластыку ці яе трансфармацыю і сучаснае аўтарскае пераасэнсаванне. Пры гэтым шматлікія працы прасякнуты глыбокімі перажываннямі і часта носяць алегарычны характар.

Выстава скульптуры з’яўляецца сумесным праектам музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля з Беларускім саюзам мастакоў. Выстава пераканаўча паказвае, што сучасная беларуская скульптура жыве і развіваецца, захоўвае павагу да традыцыі.

 

1. Анастасія Арцем’ева на адкрыцці выставы
2-7. Мастацкія скульптуры прадстаўленыя на адкрыцці выставы