З Днём Незалежнасці Беларусі!

Паважаныя калегі і сябры!

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастцтва (далей – БДАМЛМ) шчыра віншуе з галоўным святам нашай дзяржаўнасці – Днём Незалежнасці! Згодна з рашэннем рэспубліканскага рэферэндума і Дэкрэта Прэзідэнта №1 1996 г. Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь святкуецца 3 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у 1944 г. Чырвоная армія вызваліла беларускую сталіцу Мінск ад нямецка-фашысцкай акупацыі.

Вызваленне БССР пачалося ўвосень – пачатку зімы 1943 г. У канцы мая 1944 г. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання зацвердзіла план Беларускай наступальнай аперацыі, распрацаваны Генштабам Чырвонай арміі, пад кодавай назвай «Баграціён». Перад войскамі першага Прыбалтыйскага фронта і трох Беларускіх франтоў былі пастаўлены стратэгічныя і палітычныя задачы: ліквідаваць выступ праціўніка ў раёне Віцебск – Бабруйск – Мінск, разграміць і знішчыць буйную групоўку варожых армій «Цэнтр», вызваліць усю тэрыторыю БССР. Важнае значэнне мела арганізацыя ўзаемадзеяння франтавых частак з партызанскімі атрадамі і брыгадамі.

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 г. Раніцай 3 ліпеня Гвардзейскія танкавыя карпусы генералаў А.С.Бурдзейнага, А.І.Воўчанкі і М.Ф.Панова ўступілі ў Мінск. Да канца дня горад быў поўнасцю ачышчаны ад ворага. На ўсходзе ад Мінска ў аблогу трапіла 105-тысячная групоўка акупантаў. Яе ліквідацыя доўжылася да 11 ліпеня 1944 г. Жорсткія баі адбываліся не толькі пад Мінскам, але таксама ў раёнах Віцебска, Полацка, Бабруйска, Гродна, Беластока, Брэста. Лічыцца, што вызваленне Беларусі канчаткова завершылася 28 ліпеня 1944 г. узяццем часткамі Чырвонай арміі Брэста.

Да Дня Незалежнасці БДАМЛМ падрыхтаваў прэзентацыю часткі тэматычнай калекцыі фатаздымкаў з асабістага фонда №500 выдатнага гісторыка і архівазнаўца Віталя Уладзіміравіча Скалабана (1947 – 2011). Яны з’яўляюцца копіямі арыгіналаў, адабраных Віталем Уладзіміравічам для публікацыі ў энцыклапедычных і навуковых выданнях, і прадстаўляюць падзеі Беларускай наступальнай аперацыі 1944 г. Калекцыя ўяўляе інтарэс не толькі як сведчанне канкрэтных падзей, але і тым, што адлюстроўвае бачанне даследчыка як прадстаўніка так званага «пасляваеннага пакалення» і такім чынам сімвалічна і канцэптуальна аб’ядноўвае сучасных грамадзян нашай дзяржавы з непасрэднымі сведкамі вызвалення Беларусі.

 

1. Жыхары Мінска сустракаюць савецкіх танкістаў
2. Фарсіраванне Заходняй Дзвіны каля Віцебска
3. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска
4. Наступленне падчас Мінскай аперацыі
5. Мінскі «кацёл»
6. Вулічны бой у Гродна