Прэзентацыя зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат» у 2-х частках у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны

18 красавіка 2025 года ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны адбылася прэзентацыя зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат», складзенага І.І.Грыгаровічам болей за 200 гадоў таму. Арганізатарам мерапрыемства выступілі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) і кафедра філасофіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гомельскага ўніверсітэта.

Прэзентацыя выдання ў Гомелі мае важны і адначасова сімвалічны характар. Аўтар-укладальнік Іван Іванавіч Грыгаровіч (1792-1852) быў праваслаўным святаром і тэолагам, лёс якога быў шчыльна звязаны з Гомелем. Тут ён працаваў рэктарам духоўнага вучылішча і стаў актыўным чальцом Румянцаўскага гуртка, нефармальнага аб’яднання гісторыкаў, арганизаваным мецэнатам М.П.Румянцавым. Удзел у гуртку раскрыў яго таленты археографа і гісторыка.

У прэзентацыі прынялі ўдзел А.А.Макаранка, дырэктар БДАМЛМ, С.А.Чарапко, дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый, М.Ф.Шумейка, прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ. Мерапрыемства выклікала значную цікавасць сярод выкладчыкаў і студэнтаў-гісторыкаў Гомельскага ўніверсітэта, прадстаўнікоў іншых устаноў адукацыі горада Гомеля, а таксама Гомельскай праваслаўнай епархіі.

Публікацыя «Беларускага архіва старажытных грамат» з’яўляецца значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Зборнік уяўляе сабой першы археаграфічны збор дакументаў па гісторыі Беларусі XVI-XVIII стагоддзяў. Выданне будзе цікава даследчыкам, выкладчыкам, студэнтам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. БДАМЛМ спадзяецца, што выданне будзе спрыяць далейшаму вывучэнню і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны.

Гэтая навіна на сайце ГДУ імя Францішка Скарыны і на старонках газеты «Гомельскія ведамасці».

 

1. А.А.Макаранка і М.Ф.Шумейка з удзельнікамі прэзентацыі
2. А.А.Макаранка падчас выступу
3. Удзельнікі прэзентацыі зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат»
4. Айцец Аляксандр (Гомельская і Жлобінская епархія)