У БелНДІДАС адбыўся круглы стол з міжнародным удзелам «Актуальныя пытанні дакументазнаўства і архівазнаўства»

24 кастрычніка 2024 г. у БелНДІДАС адбыўся круглы стол на тэму «Актуальныя пытанні дакументазнаўства і архівазнаўства». У пасяджэнні круглага стала разам з навукоўцамі БелНДІДАС прынялі ўдзел загадчык кафедры аўтаматызаваных сістэм дакументацыйнага забеспячэння кіравання Гісторыка-архіўнага інстытута Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта доктар гістарычных навук, прафесар М.В.Ларын і прафесар гэтай жа кафедры доктар гістарычных навук, дацэнт Н.Г.Сураўцава.

Пасяджэнне адкрыў дырэктар інстытута А.Я.Рыбакоў, які адзначыў важнасць праводзімага мерапрыемства для выяўлення ключавых праблемных пытанняў, якія стаяць перад навукай на сучасным этапе, пажадаў удзельнікам круглага стала плённай працы.

У сваім выступленні М.В.Ларын расказаў аб асноўных напрамках навуковай дзейнасці супрацоўнікаў кафедры АС ДЗК ГАІ РДГУ, сучасных падыходах да падрыхтоўкі кадраў у галіне дакументазнаўства і архівазнаўства, перспектыўнай тэматыцы навуковых даследаванняў магістрантаў і аспірантаў. Асабліва М.В.Ларын адзначыў важнасць вывучэння замежнага, у тым ліку беларускага, вопыту ў сферы кіравання дакументамі і архівамі.

Н.Г.Сураўцава адзначыла неабходнасць пераасэнсавання і мадыфікацыі дзеючай парадыгмы ў дакументазнаўстве, выказала сваё бачанне рашэнняў па шэрагу канцэптуальных пытанняў, звязаных са стварэннем, зваротам і захоўваннем электронных дакументаў. Таксама Н.Г.Сураўцава спынілася на навацыях у сферы падрыхтоўкі студэнтаў па напрамках дзейнасці кафедры, падкрэсліла важнасць навучання іх асновам праграміравання ў мэтах больш эфектыўнага ўзаемадзеяння са спецыялістамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій пры распрацоўцы інфармацыйных сістэм кіравання дакументамі і архіўнага захоўвання электронных дакументаў.

Круглы стол прайшоў у форме адкрытага дыялогу. У ходзе праведзеных дыскусій удзельнікі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў у сферы метадалогіі і тэрміналогіі, гісторыі фарміравання і развіцця дакументазнаўства і архівазнаўства як навуковых дысцыплін, разгледзелі перспектыўныя напрамкі навуковых даследаванняў, розныя аспекты беларуска-расійскага навуковага супрацоўніцтва.

Завяршаючы 3-гадзіннае абмеркаванне, А.Я.Рыбакоў выказаў падзяку ўсім удзельнікам круглага стала за плённую працу, адрасаваўшы асаблівыя словы падзякі расійскім калегам.

 

1. Выступленне М.В.Ларына на круглым стале
2. Выступленне Н.Г.Сураўцавай на круглым стале
3. Удзельнікі круглага стала падчас пасяджэння
4. Урачыстае ўручэнне М.В.Ларыным выданняў кафедры аўтаматызаваных сістэм дакументацыйнага забеспячэння кіравання гісторыка-архіўнага інстытута РДГУ дырэктару БелНДІДАС А.Я.Рыбакову