На сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі размешчана віртуальная выстава, прысвечаная 110-годдзю з дня пачатку Першай сусветнай вайны

Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана і размешчана на сайце архіва віртуальная выстава «Вялікая еўрапейская вайна: да 110-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны».

У 2024 годзе чалавецтва адзначае 110-годдзе з дня пачатку Першай сусветнай вайны, якая доўжылася з 1914 па 1918 год. У гэты перыяд беларускія землі былі непасрэдна ўцягнуты ў беспрэцэдэнтны па сваіх маштабах узброены канфлікт. Вайна мела вялікі ўплыў на ўсе бакі жыцця беларускіх губерняў. У 1915 годзе па Беларусі працягнуўся фронт ваенных дзеянняў, у выніку чаго 25% яе тэрыторыі апынулася пад замежнай акупацыяй. На тэрыторыі Беларусі знаходзіліся Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, штабы карпусоў і дывізій, дзейнічалі шматлікія вайсковыя злучэнні і часці розных родаў войскаў. У гады вайны на вайсковую службу было прызвана 600 тыс. чалавек з беларускіх губерняў.

На выставе дэманструюцца дакументы за 1914-1918 гг., сярод якіх лісты з фронту навучэнцаў Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, спісы воінскіх часцей на тэрыторыі Беларусі, справаздачы аб замежных ваеннапалонных і кітайскіх рабочых, фатаграфіі вайскоўцаў, карты баявых дзеянняў і шэраг іншых.

Выяўленне і адбор матэрыялаў праведзены загадчыкам аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Сяргеем Рындзіным і вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзімірам Дзянісавым.

Азнаёміцца са зместам выставы можна азнаёмiцца па спасылцы.