Аб удзеле супрацоўнікаў Нацыянальнага архіва ў прэзентацыі базы даных «Пермякі — удзельнікі партызанскага руху»
27 ліпеня 2023 г. намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) А.У. Кушнова і загадчык аддзела публікацый, к.г.н. С.В. Кулінок прынялі ўдзел у прэзентацыі базы даных «Пермякі — удзельнікі партызанскага руху», якая праходзіла ў анлайн-рэжыме.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся дырэктар Пермскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі (ПермДАСПГ) С.В. Неганаў. Ён указаў на важнасць працы па захаванні гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, а таксама адзначыў цесныя навуковыя і культурныя сувязі і ўзаемадзеянне ПермДАСПГ і НАРБ.
А.У. Кушнова расказала аб рэалізацыі праекта па стварэнні інтэрнэт-партала «Партызаны Беларусі». Яна адзначыла, што на сённяшні дзень у базе даных партала маюцца звесткі больш як аб 500 ураджэнцах Пермі і Пермскага краю, якія ваявалі ў лясах акупаванай Беларусі.
«Персаніфікаваць гераяў-партызан, захаваць і увекавечыць Памяць пра гэтых людзей, данесці яе да маладога падрастаючага пакалення, праз прыклад мужнасці і гераізму выхаваць у сучаснага пакалення пачуццё патрыятызму, абавязку і адказнасці — вось толькі тыя нешматлікія задачы, якія ўжо вырашае інтэрнэт-партал «Партызаны Беларусі» — зазначыла ў сваім выступленні намеснік дырэктара НАРБ.
Загадчык аддзела публікацый НАРБ С.В. Кулінок расказаў аб складзе партызанскіх дакументаў: іх відавой разнастайнасці і інфармацыйным патэнцыяле. Больш падрабязна спікер спыніўся на складзе кадравай дакументацыі Беларускага штаба партызанскага руху.
У рамках прэзентацыі адбылася перадача архіўных дакументаў, у тым ліку з фондаў НАРБ, сваякам партызана А.А. Кулікова. У 1942 г. родным прыйшло пасведчанне аб яго гібелі, а ў 1943 г. — пасведчанне аб яго знаходжанні ў палоне. Доўгі час на ім вісела кляймо «здрадніка». Аднак у дакументах НАРБ былі знойдзены матэрыялы аб яго ўдзеле ў партызанскім руху на тэрыторыі Вілейскай вобласці. Загінуў А.А. Кулікоў смерцю храбрых у студзені 1944 г. у баі з акупантамі.
![]() |
1. Пад час прэзентацыі |
![]() |
2. Выступленне А.У. Кушновай |
![]() |
3. С.В. Кулінок пад час прэзентацыі |