Практыка студэнтаў на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь
З 6 сакавіка 2023 года на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь арганізавана пераддыпломная практыка студэнтаў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 4-га курса спецыяльнасцей “Гісторыя (па напрамках)”, “Гісторыка-архівазнаўства” і “Дакументазнаўства (па накіраванню)”. Шматгадовы досвед арганізацыі практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ ў архіве пацвярджае яе эфектыўнасць.
Практыка ўключае ў сябе работу над дыпломнымі праектамі і азнаямленне з напрамкамі дзейнасці ўстановы. Трэба адзначыць, што тэматыка дыпломных праектаў адпавядае перыяду і складу дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні ў архіве. Гэта дасць магчымасць практыкантам працаваць над сваімі дыпломнымі работамі, выкарыстоўваючы архіўныя дакументы. Дзеці таксама змогуць прымяніць і замацаваць свае тэарэтычныя веды на практыцы, выконваючы пэўныя віды работ.
Кіраўнікамі практыкі прызначаны работнікі з ліку найбольш вопытных: загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А. Старасценка, загадчык аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў Н.С. Нартоўская, намеснік загадчыка аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм В.Ю.Манзуль, загадчык сектара планавання і метадычнай работы аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў А.У. Міхалюк. У студэнтаў і кіраўнікоў практыкі з’явіцца магчымасць прыгледзецца адно да аднаго, заявіць пра сябе. Магчыма, нехта з ліку практыкантаў у недалёкай будучыні стане нашым калегам, работнікам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
Жадаем дзецям творчых поспехаў і добрых вынікаў па выніках практыкі!