19 лютага 2021 года ў фармаце відэаканферэнцыі прайшло пасяджэнне круглага стала «Патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладах лёсаў былых непаўналетніх вязняў фашызму»

19 лютага 2021 года ў фармаце відэаканферэнцыі прайшло пасяджэнне круглага стала «Патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладах лёсаў былых непаўналетніх вязняў фашызму». Мерапрыемства было арганізавана ўстановай адукацыі «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства» сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ), грамадскім аб’яднаннем «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму».

У працы круглага стала прынялі ўдзел гісторыкі, архівісты, выкладчыкі і навучэнцы ўстаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, дзяржаўных ведамстваў і органаў Рэспублікі Беларусь, а таксама спецыялісты з Расійскай Федэрацыі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала звярнуліся намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А.В.Кадлубай, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І.Кураш, саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Н.В.Калініна, дырэктар НАРБ А.К.Дземянюк.

У сваім прывітанні В.І.Кураш звярнуў увагу на актуальнасць заяўленай тэмы мерапрыемства і адзначыў, што ўстановамі архіўнай галіны Беларусі назапашаны шматгадовы вопыт практычнага супрацоўніцтва з установамі сярэдняй і вышэйшай адукацыі, вызначаны ключавыя накірункі прадуктыўнага ўзаемадзеяння. Адно з ключавых месцаў у гэтым узаемадзеянні надаецца менавіта аб’ектыўнаму, заснаванаму на дакументальных крыніцах, асвятленню тэмы злачынстваў нацысцкага акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У рамках праграмы круглага стала з дакладамі выступілі работнікі архіўнай галіны Беларусі: намеснік начальніка аддзела арганізацыйнай працы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь М.М.Скамарошчанка «Узаемадзеянне дзяржаўных архіваў Беларусі з ўстановамі сярэдняй адукацыі: архіўны дакумент у навучальным і выхаваўчым працэсе», загадчык аддзела публікацый НАРБ С.В.Кулінок («Дзейнасць Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь па захаванні аб’ектыўнай Памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны»).

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый НАРБ В.Д.Селяменеў праінфармаваў удзельнікаў мерапрыемства аб выданні зборніка дакументаў і матэрыялаў «Беларусы ў Карэліі. 1940–1944 гг.», выпушчанага НАРБ ў 2020 годзе і прысвечанага малавывучанай тэме перасялення беларусаў у Карэла-Фінская ССР у 1940–1941 гг. і іх лёсаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.