18 лютага 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол «Гістарычная памяць. Палітычныя дзеячы XX стагоддзя ў літаратуры»

18 лютага 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол «Гістарычная памяць. Палітычныя дзеячы XX стагоддзя ў літаратуры». Мерапрыемства прайшло ў рамках праграмы XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Удзельнікі круглага стала – навукоўцы, архівісты, пісьменнікі – абмеркавалі шырокае кола пытанняў: роля асобы ў палітыцы, дзейнасць па папулярызацыі архіўных матэрыялаў, захаванне гістарычнай памяці праз літаратурныя творы, патрыятычнае выхаванне моладзі і інш.

У працы круглага стала прыняў удзел дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І.Кураш, які адзначыў, што даследванні і публікацыі біяграфічнай накіраванасці закліканы не толькі запоўніць «белыя плямы» айчыннай гісторыі, але і зрабіць мінулае беларускага народа больш блізкім, зразумелым і цікавым для грамадзян нашай краіны. В.І.Кураш праінфармаваў прысутных аб дакументальных матэрыялах з фондаў дзяржаўных архіваў Беларусі, у якіх зафіксаваны унікальныя звесткі пра вядомых палітычных дзеячоў рэспублікі ХХ стагоддзя, а таксама падкрэсліў, што біяграфічныя даследаванні, якія прэтэндуюць на аб’ектыўнасць у выкладанні фактаў, павінны грунтавацца на дакументальнай аснове.

У рамках круглага стала адбылася прэзентацыя кнігі «Надзея Грэкава. Міхаіл Малінін. Час памятаць» беларускага пісьменніка, сцэнарыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Н.А.Голубевай. Выданне заснавана на дакументальных матэрыялах і прысвечана Надзеі Грэкавай, першаму старшыні Вярхоўнага Савета БССР, і яе мужу, Міхаілу Малініну, выдатнаму савецкаму палкаводцу, генералу арміі. Пры напісанні кнігі аўтарам актыўна выкарыстоўваліся дакументальныя крыніцы з фондаў шэрагу архіваў (у тым ліку Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці і інш.).

Фатаграфіі: сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (www.nlb.by/).

Круглы стол «Гістарычная памяць. Палітычныя дзеячы XX стагоддзя ў літаратуры»

Круглы стол «Гістарычная памяць. Палітычныя дзеячы XX стагоддзя ў літаратуры»