4 лістапада 2020 г. адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Архівы і вайна» (да 75-годдзя Перамогі над фашызмам)

4 лістапада 2020 г. у анлайн фармаце прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Архівы і вайна» (да 75-годдзя Перамогі над фашызмам). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел спецыялісты з Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі, студэнты.

Праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала пытанні забеспячэння захавання дакументальнай спадчыны ў перыяды войнаў, удакладнення страт, панесеных беларускімі архівамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выяўлення і ўліку комплексаў дакументальных матэрыялаў, вывезеных у ваенныя гады з тэрыторыі рэспублікі. Важным тэматычным напрамкам, якому быў прысвечаны шэраг дакладаў, стаў аналіз дзейнасці па захаванню і арганізацыі выкарыстання архіўных дакументаў па гісторыі Беларусі перыяду 1941―1945 гг.

У рамках канферэнцыі таксама была арганізавана работа круглага стала «Прафесія архівіста: выклікі сучаснасці», прысвечанага праблеме павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў архіўнай службы і пытанням прафарыентацыі моладзі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І.Кураш, які падкрэсліў, што дзякуючы аператыўнай і адказнай працы беларускіх архівістаў ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд ўдалося сфарміраваць унікальны комплекс каштоўных пісьмовых, кіна-, фота-, фонадакументаў ― сёння ў фондах дзяржаўных архіваў Беларусі захоўваецца больш за 100 тысяч спраў на папяровых і аўдыёвізуальных носьбітах, якія тычацца перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

У навуковым форуме прынялі ўдзел больш за 20 работнікаў дзяржаўных архіўных устаноў рэспублікі.