Падведзены вынікі конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» 2020 года

22 кастрычніка 2020 г. на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей ― НАРБ) адбылося падвядзенне вынікаў і прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцы і прызёраў прафесійнага конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі».

У адпаведнасці з палажэннем гэты конкурс праводзіцца раз у два гады ў мэтах абагульнення і распаўсюджвання перадавога вопыту ў галіне архіўнай справы, удасканалення прафесіяналізму архівістаў і стымулявання павышэння іх кваліфікацыі. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей ― Дэпартамент) і грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства архівістаў» (далей ― БТА).

Конкурс праходзіў у два этапы. У рамках першага (у завочным фармаце) удзельнікі накіроўвалі спецыяльна падрыхтаваныя пісьмовыя работы, якія ў гэтым годзе былі прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі і аб’яднаны агульнай тэмай-дэвізам «Беларусь памятае».

Свае аўтарскія праекты на конкурс накіравалі 15 работнікаў дзяржаўных архіўных устаноў Беларусі, сярод якіх былі прадстаўнікі ўсіх абласцей нашай рэспублікі. У пісьмовых работах разглядаліся розныя аспекты, звязаныя з дзейнасцю па захаванню, вывучэнню і папулярызацыі дакументальнай спадчыны перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Другі этап конкурсу праходзіў у вочным фармаце на базе НАРБ 21 кастрычніка 2020 г. i уключаў дзве часткі: практычную і творчую. У рамках практычнай часткі канкурсантам неабходна было ў пісьмовым выглядзе выканаць заданні і даць адказы на пытанні, якія тычыліся тэорыі і практыкі архіўнай справы. Другая частка этапу стала новым элементам у традыцыйнай структуры конкурсу і ўяўляла сабой творчую самапрэзентацыю ўдзельнікаў і прэзентацыю іх пісьмовых конкурсных работ завочнага этапу. Гэта новаўвядзенне не толькі дазволіла аўтарам расставіць неабходныя акцэнты і больш шырока асвятліць асобныя аспекты сваіх пісьмовых работ (наглядна суправадзіўшы іх ілюстрацыямі, схемамі, дыяграмамі і т.д.), але і прадаставіла канкурсантам дадатковыя магчымасці раскрыць свой прафесійны і асабовы патэнцыял, распавесці пра дзейнасці архіўных устаноў і ўласную паўсядзённую працу і дасягненні.

Пасля падвядзення вынікаў конкурснай камісіяй было абвешчана, што пераможцам конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» 2020 года стаў Монзуль Уладзімір Юр’евіч (НАРБ). Другое месца заняў Таргонскі Арсеній Віктаравіч (НАРБ), трэцяе ― Мяснікоў Максім Раманавіч (Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў).

У рамках афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджання дырэктар Дэпартамента В.І. Кураш і старшыня праўлення БТА М.М. Скамарошчанка ўручылі пераможцу і прызёрам конкурсу спецыяльныя дыпломы і прызавыя камплекты. Усе астатнія канкурсанты былі таксама адзначаны арганізатарамі сертыфікатамі ўдзельнікаў і памятнымі падарункамі.

В.І. Кураш у сваім прывітальным слове падкрэсліў каштоўнасць, якую маюць прадстаўленыя ў гэтым годзе на конкурс пісьмовыя работы, у тым ліку, і ў кантэксце агульнадзяржаўнай дзейнасці па абароне аб’ектыўнай Памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і супрацьдзеянню спробам яе фальсіфікацыі. Дырэктар Дэпартамента таксама звярнуў увагу прысутных, што правядзенне наступнага конкурсу запланавана на 2022 год ― і такім чынам ён павінен стаць адным з юбілейных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя архіўнай службы рэспублікі.

У рамках цырымоніі ўзнагароджання быў уручаны і шэраг спецыяльных прызоў. Архівіст 1-й катэгорыі Занальнага дзяржаўнага архіва у г. Пінску Г.Ф. Неўдах, якая заняла чацвёртае месца, была адзначана рэдакцыяй ведамаснага часопіса «Архівы і справаводства» бясплатнай падпіскай на дадзенае выданне на 2021 год. Камплект выпускаў часопіса «Беларускі археаграфічны штогоднік» уручыў дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы А.Я. Рыбакоў архівісту 2-й катэгорыі Занальнага дзяржаўнага архіва у г. Рэчыцы С.А. Жарносенко.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве таксама прыняла ўдзел намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў А.І. Шуст, якая адзначыла важнае месца, якое займаюць архівы ў жыцці беларускага грамадства і ў дзяржаўнай сістэме рэспублікі, падзякавала архівістаў за іх складаную, але вельмі неабходную працу і ўручыла дыпломы за актыўны ўдзел у прафсаюзнай жыцці архіўных устаноў і высокія вынікі ў конкурсе «Лепшы архівіст Беларусі» У.Ю. Монзулю, А.В. Таргонскі, Г.Ф. Неўдах.

Дыпломамі Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў былі адзначаны пераможцы ў спецыяльных намінацыях: А.І. Гербелева (Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці; «За лепшую прэзентацыю»), Т.В. Іванова (Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва) і А.В. Таргонскі (НАРБ) ― у намінацыі «За выдатнае веданне тэорыі і практыкі архіўнай справы», У.І. Настусевіч (Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці; «За лепшую конкурсную работу»). Узнагароды лаўрэатам ўручыла прадстаўнік Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Н.П. Казырэнка.

Віншуем пераможцу і прызёраў конкурсу і жадаем усім удзельнікам далейшых прафесійных поспехаў і дасягненняў!