Установа «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (БелНДІДАС)


Гістарычная даведка

Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС) – першая ў Беларусі навукова-даследчая ўстанова, якая ажыццяўляе навуковыя распрацоўкі ў галіне дакументазнаўства і архівазнаўства.

Інстытут вядзе адлік сваёй дзейнасці з 11 снежня 1991 г., калі ў Мінску на базе Інстытута гісторыі партыі пры Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Беларусі (з кастрычніка 1990 г. – Інстытут гісторыка-палітычных даследаванняў Кампартыі Беларусі) быў створаны Беларускі навукова-даследчы цэнтр дакументазнаўства і рэтраінфармацыі (БелНДЦДР).

У студзені 1994 г. у сувязі з пашырэннем навукова-даследчай дзейнасці БелНДЦДР быў перайменаваны ў Беларускі навукова-даследчы цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы.

У студзені 1996 г. у мэтах удасканалення дзейнасці цэнтра ён ператвораны у Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. З 20 чэрвеня 2001 г. афіцыйнае найменне БелНДІДАС – установа «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы».

З кастрычніка 1999 г. у інстытуце працуе аспірантура па двух спецыяльнасцях: 05.25.02 – “Дакументалістыка, дакументазнаўства і архівазнаўства” і 07.00.09 – “Гістарыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання” (гістарычныя навукі).

У кастрычніку 1999 г. БелНДІДАС становіцца базавай арганізацыяй Археаграфічнай камісіі рэспубліканскага органа кіравання архіўнай галіной – Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь (з мая 2006 г. – Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь).

За перыяд працы ў інстытуце распрацавана больш за 100 навукова-даследчых тэм, падрыхтаваны і выдадзены інструкцыі, стандарты, правілы, метадычныя рэкамендацыі, шэраг даведнікаў ў адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі дзейнасці інстытута.

Літаратурныя крыніцы аб БелНДІДАС:

  • Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Мн., 1997
  • Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. (Да 10-годдзя ўтварэння). Мн., 2001
  • Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы: Бібліяграфічны паказальнік. Мн., 2001.