Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 2 423 фонда, 511 432 адзінкі захоўвання (у тым ліку: 57 433 адзінкі захоўвання – даваеннага перыяду і 19 625 – перыяду Вялікай Айчыннай вайны)

Храналагічны перыяд: з 1917 г. па цяперашні час

Тэрытарыяльны ахоп: горад Магілёў, Бялыніцкі, Быхаўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Круглянскі, Магілёўскі, Слаўгарадскі, Чавускі, Шклоўскі раёны Магілёўскай вобласці

Склад фондаў:

У архіве захоўваюцца дакументы губернскіх, павятовых, валасных, абласных, гарадскіх і раённых органаў улады і кіравання, гаспадарча-эканамічных, фінансавых, судовых, культурна-асветных і іншых устаноў за 1917-2019 гг.

У фондах рэўкама, Магілёўскага губернскага выканаўчага камітэта, Магілёўскага губернскага рэвалюцыйнага трыбунала маюцца дакументы аб першых мерапрыемствах савецкай улады, аб фарміраванні Чырвонай Арміі для барацьбы з нямецкімі і польскімі акупантамі, аб барацьбе з унутранай контррэвалюцыяй, сабатажам, спекуляцыяй.

Развіццё хімічнай, машынабудаўнічай і іншых галін прамысловасці ў г. Магілёве і вобласці асветлена ў фондах аблвыканкама, заводаў і фабрык. Маюцца матэрыялы аб савецка-англійскім тэхніка-эканамічным супрацоўніцтве (фонд вытворчага аб’яднання «Хімвалакно» імя У. І. Леніна).

У фондах органаў і ўстаноў сельскай гаспадаркі маюцца дадзеныя па гісторыі сельскагаспадарчай вытворчасці, у тым ліку аб павышэнні культуры земляробства, рэарганізацыі ўстаноў сельскай гаспадаркі, развіцці жывёлагадоўлі, льнаводства, агародніцтва.

Фонды аддзелаў народнай адукацыі, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і іншых навучальных устаноў адлюстроўваюць развіццё народнай адукацыі ў вобласці, падрыхтоўку спецыялістаў народнай гаспадаркі ў цэлым.

У архіве захоўваюцца фонды навукова-даследчых устаноў, інстытута праектна-канструктарскай тэхналагічнай аснасткі аўтаматызацыі і механізацыі.

Дакументы перыяду акупацыі тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі (1941-1944) ўтрымліваюць інфармацыю аб дзейнасці ўстаноў, якія ажыццяўлялі эканамічную і карную палітыку нямецкіх улад.

У фондзе Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі (УКДБ) па Магілёўскай вобласці маецца калекцыя дакументаў, якая змяшчае звесткі на сагнаных фашыстамі на прымусовыя работы ў Германію і вярнуліся назад у Магілёўскую вобласць грамадзян, а таксама трафейныя нямецкія карткі на савецкіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў лагерах на тэрыторыі Германіі. Маюцца звесткі аб знаходжанні савецкіх грамадзян у канцлагеры “Асвенцым”, “Дора”, “Штуттгоф”, пра месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

У архіве захоўваюцца матэрыялы Магілёўскай абласной камісіі садзейнічання ў працы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванню і ўстанаўленню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культавым будынкам, установам культуры па раёнах Магілёўскай вобласці.

У 2017 годзе прынята на пастаяннае захоўванне калекцыя лічбавых копій дакументаў (файлаў) Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і нанесенай імі шкоды грамадзянам, калектыўным гаспадаркам (калгасам), грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР па Магілёўскай вобласці БССР, перададзеных з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі на правах арыгіналаў.

Асаблівую цікавасць уяўляюць дакументы архіва аб гераічнай абароне г. Магілёва ў чэрвені – ліпені 1941 г.

У архіве захоўваюцца фонды асабістага паходжання ўдзельнікаў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны: В. С. Бульба-Папкова, В. П. Галіонка, С. П. Раманава, Я. Н.Трубчынскага, І. К. Трусава; удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: В. Д. Гузава, Д. І. Каротчанка, М. Н. Мігая, М. І. Сёміна, І. І. Дамброўскага, А. І. Мішынай (Дудзінай), І. М. Цісоўскага, Е. П. Чарткова, П. П. Чыгірэева, А. І. Шубадзерава, А. Д. Эйдліна; дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР: К. В. Мацюшэўскага, С. І. Сікорскага; краязнаўцаў: І. І. Філіповіча, В. М. Абрамовіча, В. А. Юшкевіча; прафесара, доктара медыцынскіх навук І. В. Касценіча; заслужаных настаўнікаў БССР: Я. І. Вігура, Е. Н.Казлоўскай; заслужанага дзеяча мастацтваў БССР і заслужанага настаўніка БССР, дырыжора аркестра народных інструментаў Л. Л. Іванова; заслужанага работніка культуры БССР, рэжысёра, акцёра, кіраўніка аматарскіх тэатраў В. І. Ермаловіча; рэдактара падпольнай газеты «За Радзіму» І. П. Крыскаўца; архівіста Магілёўскай вобласці, ветэрана працы Е. І. Савосінай; малалетняга вязня Н.М.Шклярава; кандыдата геаграфічных навук, дацэнта Магілёўскага дзяржаўнага унивеситета ім. А. А. Куляшова П. А. Лярскага; старшыні Савета Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў А. Ц. Любчанка, выкладчыка, аднаго з арганізатараў руху Беларускі Народны фронт (БНФ) у г. Магілёве Булавацкага М. П. У дакументах Беларускай Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі маецца асабістая справа пісьменніка М. І. Гарэцкага.