Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці»


Гістарычная даведка

5 ліпеня 1938 г. быў створаны Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. Камплектаванне яго адбывалася за кошт фондаў Магілёўскага і Калінінскага акруговых архіваў.

У 1941 г. у ім захоўвалася 1 316 фондаў з агульнай колькасцю 650 000 адзінак захоўвання.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны частка дакументаў была эвакуіравана ў савецкі тыл (г. Тамбоў і г. Чэлябінск), цалкам згарэў будынак архіва, загінулі 1 200 фондаў (620 000 адз. хр.), навукова-даведачны апарат і навукова-даведачная бібліятэка.

У снежні 1943 г. архіў аднавіў сваю дзейнасць у г. Крычаве, у ліпені 1944 г. перамешчаны ў г. Магілёў. Былі рээвакуіраваны дакументы з г. Тамбова і г. Чэлябінска. З 1944 г. дзяржархіў знаходзіўся ў будынку па Камуністычнаму зав., 4, затым па вул. Лазарэнка, 18 , а з снежня 1963 года да лістапада 1986 года ў касцёле Святога Станіслава па вул. Камсамольскай, 4. У снежні 1986 года архіў пераехаў у новы тыповы будынак па вул. Чалюскінцаў, 172 а, дзе знаходзіцца па цяперашні час.