Установа «Дзяржаўны архіў грамадскіх аб'яднанняў Гродзенскай вобласці»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 1 185 фондаў, 1 калекцыя фотадакументаў, 259 479 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: 1918-1920, 1939-1941, 1944-1991, 1992-2023 гг.

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваныя Баранавіцкая, Беластоцкая і Маладзечанская вобласці
  • Гродзенская вобласць

Склад фондаў:

У архіве захоўваюцца дакументы абласных, гарадскіх, раённых партыйных і камсамольскіх арганізацый, палітаддзела абласнога ваенкамата і машынна-трактарных станцый (МТС), успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Дакументы за 1918-1923 гг. утрымліваюць звесткі аб устанаўленні Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Маюцца пратаколы агульных сходаў, даклады і справаздачы аб дзейнасці Ваўкавыскага, Лідскага і Навагрудскага павятовых камітэтаў партыі, Слонімскага павятовага камітэта і валаснога рэвалюцыйнага камітэта, партыйна-арганізацыйных троек па Навагрудскаму павету; пратаколы пасяджэнняў Мірскай і Гродзенскай партыйных і Лідскай камсамольскай ячэяк і інш.

Матэрыялы за 1939-1941 гг. адлюстроўваюць працэс уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Маюцца дакументы партыйных і камсамольскіх органаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беластоцкай вобласці.

У фондах абласных, гарадскіх, раённых камітэтаў камуністычнай партыі і камсамола Гродзенскай, былых Баранавіцкай і Маладзечанскай абласцей за 1944-1991 гг. маюцца пратаколы канферэнцый, пленумаў, пасяджэнняў бюро, актываў Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б (КПБ)) і Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі (ЛКСМБ); даведкі аб злачынствах, учыненых гітлераўскімі акупантамі, звесткі і акты аб шкодзе, прычыненай нямецка-фашысцкімі захопнікамі; справаздачы і даведкі аб аднаўленні народнай гаспадаркі; дакладныя запіскі аб устанаўленні савецка-польскай мяжы; паведамленні праваахоўных органаў аб тэрарыстычных актах, аб дзейнасці антысавецкага нацыяналістычнага падполля, аб раскрыцці і затрыманні бандыцкіх фарміраванняў; статыстычныя справаздачы аб складзе і руху кадраў, фінансавыя дакументы, лісты, заявы і скаргі працоўных; дакументы па асабоваму складу.

Дакументы за 1988-2021 гг ўтрымліваюцца ў фондах грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў. Сярод іх – палітычныя партыі; моладзевыя, дзіцячыя, культурна-асветныя, ваенна-патрыятычныя, жаночыя, нацыянальныя, дабрачынныя фонды і цэнтры.

У фондах асабістага паходжання сабраны дакументы аб жыцці і дзейнасці Верхася В. П., доктара гістарычных навук, прафесара; Дундукова С. В., удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, загадчыка партыйным архівам Гродзенскага абкама КПБ (1947-1967 гг.); Зобнінскай А. Д., сакратара Гродзенскага гарадскога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, заслужанага настаўніка БССР, блакадніцы г. Ленінграда; Івашчанка А. А., старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прафесійнага саюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў, кандыдата гістарычных навук; Карыпідзі Э. Г., сакратара Гродзенскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, дэпутата абласнога Савета народных дэпутатаў; Мендарава П. А., першага сакратара Гродзенскага гарадскога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, ганаровага грамадзяніна горада Гродна; Місарэвіча Я. А., кандыдата гістарычных навук, дацэнта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта; Ударцева Г. Л., першага сакратара Лідскага гарадскога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, кіраўніка справамі Гродзенскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі; Ярмусіка Э. С., кандыдата гістарычных навук, дацэнта, дэкана факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.

Маецца на захоўванні калекцыя фотадакументаў па гісторыі г. Гродна і Гродзенскай вобласці за 1920-1939, 1944-1990 гг.