Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Кобрыне»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 455 фондаў, 152 311 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: з 1944 г. па цяперашні час

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваныя Дзівінскі, Ружанскі, Шарашэўскі раёны Брэсцкай вобласці
  • Беразоўскі, Кобрынскі, Пружанскі раёны Брэсцкай вобласці

Склад фондаў:

Значную частку якая захоўваецца ў архіве дакументаў складаюць матэрыялы раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў, іх аддзелаў, сельскіх Саветаў, органаў дзяржаўнай статыстыкі, калгасаў і саўгасаў, судоў, пракуратур, прафсаюзных арганізацый, машынна-трактарных станцый.

Дзейнасць раённых, гарадскіх, сельскіх і пасялковых Саветаў прадстаўлена пратаколамі сесій, пасяджэнняў і рашэнняў выканкамаў, дакументамі аб працы пастаянных камісій і камісій пры выканкамах, акруговых выбарчых камісій па выбарах у мясцовыя Саветы.

У фондах устаноў сельскай гаспадаркі ўтрымліваюцца дакументы аб пасляваенным аднаўленні і развіцці сельскай гаспадаркі, аб арганізацыі калгасаў, стварэнні і дзейнасці саўгасаў, аграфірмаў.

Дакументы устаноў дзяржаўнай статыстыкі адлюстроўваюць стан і развіццё эканомікі, галін мясцовай прамысловасці, культуры, наяўнасць і стан жылога фонду, колькасць насельніцтва.

Станаўленне і развіццё прамысловасці атрымала адлюстраванне ў фондах найбольш буйных заводаў і фабрык. Гэта прадзільна-ткацкая фабрыка “Ручайка” канцэрна “Беллегпрам”, швейная фабрыка, цяпер фірма “Лона” ў г. Кобрыне, Белаазёрскі энергамеханічны завод, Бярозаўская ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга ГРЭС. У іх адклаліся планы па працы і фонду заработнай платы, выпуску валавай прадукцыі і яе сабекошту, падрыхтоўцы і расстаноўцы кадраў, павышэнні эфектыўнасці вытворчасці, акты на права серыйнага вытворчасці вырабаў, справаздачы па капітальным будаўніцтве.

Дакументы устаноў сацыяльна-культурнага комплексу характарызуюць працу клубаў, дамоў культуры, бібліятэк, бальніц, тэрытарыяльных медыцынскіх аб’яднанняў, будаўніцтва школ, стварэнне сеткі навучальных устаноў.

У фондах органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь адклаліся спісы прадпрыемстваў рэспубліканскай, абласной і раённай камунальнай уласнасці; спісы грамадскіх арганізацый; інфармацыя аб дзейнасці палітычных партый і сродкаў масавай інфармацыі; спісы кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў розных формаў уласнасці; інфармацыя аб рэалізацыі ў рэгіёне дзяржаўнай палітыкі і інш.

У рашэннях выканаўчых камітэтаў адлюстроўваюцца звесткі аб прыватызацыі і раздзяржаўленні маёмасці, налічэнні жыллёвых квот, правядзенні аўкцыёнаў, стварэнні і рабоце арганізацый новага тыпу і інш.

У фондах прамысловых прадпрыемстваў адклаліся бізнес-планы, статыстычныя справаздачы аб супрацоўніцтве з краінамі СНД і краінамі далёкага замежжа.

Да асабліва каштоўных ставяцца дакументы аб уроне, нанесеным нямецкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны; спісы грамадзян, гвалтоўна вывезеных у Германію; аб ходзе аднаўлення народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд; ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасьці; фарміраванні штатаў райвыканкамаў і іх аддзелаў; школьнай сеткі раёнаў.

У архіве маецца калекцыя дакументаў па асабоваму складу ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Бярозаўскага, Кобрынскага і Пружанскага раёнаў:
– устаноў народнай адукацыі за 1944-1960 гг. /дзіцячыя дамы/;
– устаноў сістэмы “нарыхтоўка, забеспячэнне і збыт” за 1944-1952 гг.

Таксама ў архіве захоўваюцца калекцыі дакументаў ўдзельнікаў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў і грамадска-палітычных дзеячаў.