Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Слуцку»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 722 фондаў, 160 997 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: з 1944 г. па цяперашні час (асобныя дакументы з калекцыі дакументаў асабістага паходжання з 1906 г.)

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваныя Грэскі, Чырвонаслабодскі, Старобінскі раёны
  • Капыльскі, Любанскі, Слуцкі, Салігорскі, Старадарожскі раёны Мінскай вобласці

Склад фондаў:

У архіве захоўваюцца дакументы, якія ўтварыліся ў дзейнасці мясцовых распарадчых і выканаўчых органаў, дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.

У фондах адміністрацыйных, судовых, фінансавых устаноў ўтрымліваюцца матэрыялы, якія характарызуюць эканамічнае і палітычнае становішча раёнаў, якія ўваходзяць у зону камплектавання архіва, за пасляваенны перыяд. Маюцца звесткі аб савецкім будаўніцтве, аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні сельсаветаў і раёнаў.

Эканамічныя характарыстыкі гарадоў, раёнаў, звесткі аб стане і наяўнасці прамысловых прадпрыемстваў, планы жыллёвага і культурна-бытавога будаўніцтва прадстаўлены фондамі статыстыкі і планавання.

У фондах устаноў і прадпрыемстваў прамысловасці сканцэнтраваны планы прадпрыемстваў і справаздачы аб іх выкананні, дадзеныя аб росце капітальнай вытворчасці, аб рэканструкцыі фабрык і заводаў, аб разгортванні сацыялістычнага спаборніцтва. Маюцца звесткі аб укараненні новых тэхналогій і рацыяналізатарскіх прапаноў.

Матэрыялы фондаў кіравання сельскай гаспадаркі, саўгасаў, калгасаў, машынна-трактарных станцый ўтрымліваюць звесткі аб калгасным будаўніцтве, аб стварэнні і дзейнасці сельскагаспадарчых арцеляў. У фондах маюцца спісы перадавікоў сельскай гаспадаркі, спісы спецыялістаў з поўнымі анкетнымі дадзенымі.

Таксацыйныя апісанні, схематычныя карты лясоў, геадэзічныя часопісы, планы развіцця лясной гаспадаркі, дакументы аб стане дзяржаўнага ляснога фонду прадстаўлены фондамі лясной гаспадаркі.

Дакументы аб савецкім культурным будаўніцтве, аб аднаўленні школ, устаноў культуры ў пасляваенны перыяд, аб развіцці народнай адукацыі можна знайсці ў фондах аддзелаў народнай адукацыі, аддзелаў культуры, школ, вучылішчаў, культурна-асветных устаноў.

Матэрыялы постсавецкага перыяду прадстаўлены дакументамі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці. Найбольш значныя з іх: вытворчае аб’яднанне “Беларуськалій”, ААТ “Салігорскпрамбуд”, ААТ “Слуцкі мясакамбінат”, ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат” і інш.

Сярод матэрыялаў архіва асаблівую каштоўнасць уяўляюць дакументы па аднаўленню народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд, кароткія эканамічныя характарыстыкі гарадоў (Капыля, Слуцка), эканамічныя пашпарты раёнаў (Капыльскага, Слуцкага, Старадарожскага) па стане на ліпень 1944 г.; эканамічная характарыстыка Слуцка на 31 ліпеня 1944 г.; планы аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі за 1948-1954 гг.; матэрыялы аб шкодзе, нанесенай грамадзянам Капыльскага, Чырвонаслабодскага, Любанскага, Слуцкага раёнаў у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі 1941-1944 гг.; пайменныя спісы грамадзян Грэскага, Капыльскага, Любанскага, Слуцкага, Старобінскага, Старадарожскага раёнаў, расстраляных нямецкімі акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны; акты абследавання пахаванняў на тэрыторыі былога лагера савецкіх ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва ў г. Слуцку, месцаў масавага расстрэлу і пахавання мірных грамадзян у горадзе Слуцку, мястэчках Урэчча і Леніна, ўрочышчах “Гараваха” і “Грабелькі” Слуцкага раёна і г. д.

У архіве захоўваюцца калекцыі дакументаў па асабовым складзе, малааб’емных фондаў устаноў сельскай гаспадаркі, фондаў асабістага паходжання.

Калекцыя дакументаў асабістага паходжання змяшчае аўтабіяграфіі, характарыстыкі, ганаровыя граматы, пасведчанні да ордэнаў і медалёў, фатаграфіі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, партызанскага руху, дзеячаў культуры і народнай гаспадаркі Мінскай вобласці. Самы ранні дакумент калекцыі датуецца 1906 г.