27 лютага 2008 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася вечарына, прысвечаная памяці мастачкі Ларысы Засімовіч

27 лютага 2008 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася вечарына, прысвечаная памяці мастачкі Ларысы Засімовіч, трагічна пакінуўшай гэты свет на пачатку свайго жыццёвага і творчага шляху. У госці да архівістаў прыйшлі родныя і сваякі Ларысы, паэты, барды. Вечарыну вяла пісьменніца і журналістка Людміла Рублеўская.

Ва ўступным слове дырэктар архіва-музея Г.В.Запартыка расказала, што работы мастачкі трапілі ў сям’ю пісьменнікаў Людмілы Рублеўскай і Віктара Шніпа ў пачатку 90-х гадоў ад мастакоў – былых сакурснікаў Ларысы па мастацкаму вучылішчу ў Мінску. І сёння гэтыя работы, сатканыя з тонкіх ніцяў мараў, думак, пачуццяў, экспануюцца на выставе Ларысы Засімовіч “Збяднее мора без кроплі…” у архіве-музеі. Ганна Запартыка аб’явіла аб стварэнні новага фонду і прапанавала ўсім, хто ведаў мастачку, перадаць у архіў дакументы і ўспаміны пра яе.

Людміла Рублеўская стала першай, хто адкрыў імя гэтай незвычайна таленавітай дзяўчыны. Яна неаднаразова публікавала яе вершы, урыўкі з лістоў, мастацкія работы ў часопісах “Першацвет”, “Крыніца”, “Мастацтва”. Людміла Рублеўская ўзгадвала: “Ларыса Засімовіч, знешне звычайная дзяўчынка з правінцыйнага Слоніма, на працягу кароткага, самой сабе адмеранага жыцця (дваццаць пяць гадоў), стварала свае Сусветы. Для яе не існавала паняцця пра кар’еру, жыццёвую ўладкаванасць, звычайную прыстасаванасць да побыту. Практычна ўсе свае працы яна знішчыла, нібы таямніцу, якую адыходзячы, трэба забіраць з сабою”. Пісьменніца лічыць галоўнай задачай увесці імя Ларысы Засімовіч у кантэкст беларускай культуры. Шчымліва, балюча і пранізліва гучалі на вечарыне радкі з лістоў, якія пісала Ларыса сваім сябрам: “Пакутаваць за кагось, а не за сябе, радавацца за кагось, а не за сябе – гэта сапраўднае жыццё, а калі наадварот – гэта звычайнае існаванне” ці “Цяжка быць і лёгка быць. Але наша выратаванне ў тым, што мы ствараем сусьветы, складаем казкі, у якія хутка пойдзем… Нам будзе куды пайсці… Мы чакаем… Нас чакаюць…”.

Маладыя паэты Віка Трэнас, Ганна Федарук, Мікола Кандратаў, Рагнед Малахоўскі, Усевалад Гарачка прачыталі свае вершы, спрабуючы спасцігнуць таямніцу яе творчасці. “Ларыса пакінула пасля сябе не шмат твораў, а шмат загадак, яе творы ­ як вокны ў іншы свет”, – адзначыў паэт Віктар Жыбуль. Песні пад гітару ў выкананні Яраслава Малішэўскага ўнеслі высокую лірычную ноту ў атмасферу вечарыны.

Маці, сястра і сваякі распавялі пра надзвычай ранімую, добрую, шчодрую, улюбёную ў жыццё дзяўчыну.

Паэт Віктар Шніп прысвяціў Ларысе верш і прапанаваў сабраць ўсю яе спадчыну, каб выдаць кнігу ў памяць таленавітай мастачкі.