12 мая ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Апантаны гісторыяй”, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння гісторыка і пісьменніка Міколы Ермаловіча

12 мая ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Апантаны гісторыяй”, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння гісторыка і пісьменніка Міколы Ермаловіча (1921 – 2000).

Выстава, якую падрыхтаваў вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея Віктар Жыбуль, складаецца са стэндаў “На педагагічным шляху”, “Скуль мы?”, “Даследчык старажытнай Беларусі”, “Звяртаючыся да постацяў мінулага”, “Сябры, аднадумцы”, “Сям’я”, “Пра літаратуру і тэатр”, “Грамадская дзейнасць”, “З уласнай творчасці”. На выставе экспануюцца фрагменты рукапісаў М. Ермаловіча, шматлікія фотаздымкі, дакументы, звязаныя з яго службовай і творчай дзейнасцю.

Падчас адкрыцця выставы дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка расказала пра асобу М. Ермаловіча і пра гісторыю стварэння яго асабістага фонду, які мае запамінальны нумар 444 і налічвае 325 спраў (1914 дакументаў) пераважна за 1922 – 2000 гг. Літаратуразнавец і гісторык, прафесар Адам Мальдзіс падзяліўся цікавымі ўспамінамі пра М. Ермаловіча і падарыў архіву-музею частку сваёй калекцыі фотаздымкаў дзеячаў літаратуры і мастацтва, а таксама капсулу з зямлёй з месца пахавання пісьменніка ХІХ ст. Яна Баршчэўскага. Навуковец і публіцыст Анатоль Астапенка, аўтар кнігі пра Міколу Ермаловіча, распавёў пра свае ўзаемастасункі з вядомым гісторыкам, пра колішні сумесны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. Пры канцы мерапрыемства адбылася экскурсія па выставе.

Фотаздымкі з адкрыцця і асобныя матэрыялы самой выставы можна паглядзець на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.